Праўда, самі людзі, занятыя ў арганізацыях і на прадпрыемствах галіны, лірычнаму настрою аддаюцца рэдка. Для іх лес – гэта месца працы, выканання няхай і пачэснага, але нялёгкага абавязку. Апошнія гады, можа быць, як ніколі раней пацвярджаюць гэту асаблівасць.
– Нашы людзі разам з калегамі з іншых раёнаў вобласці летась і сёлета ліквідавалі наступствы небывалага раней урагану, які ў ліпені 2016 года катком прайшоўся па Чэрвеньскім і Смалявіцкім раёнах, – прыгадвае дырэктар Маладзечанскага лясгаса Анатолій Ермаловіч. – На распрацоўку ветравальна-бураломных участкаў выязджалі цэлыя брыгады з тэхнікай. Іншым разам да ста чалавек. Нам было даведзена наступнае заданне: расчысціць лес ад завалаў на плошчы 208 гектараў, нарыхтаваць 70000 кубаметраў драўніны, а затым высадзіць маладыя насаджэнні на плошчы 163 гектары. Участкі былі складаныя, месцамі забалочаныя. Давялося праяўляць і прафесійныя навыкі, і кемлівасць. Не паверыце, але дзе-нідзе драўніну выносілі нават на руках. Працавалі вахтавым метадам, самааддана – ад кіраўнікоў і спецыялістаў да радавых работнікаў.
Анатолій Аляксеевіч агульныя развагі дапаўняе канкрэтнымі прозвішчамі. Гэта трактарыст на падрыхтоўцы лесасек Мікалай Усціновіч, машыніст тралёвачнай машыны Аляксандр Аноп, аператар харвестара – шматаперацыйнай лесасечнай машыны Анатолій Крывалапаў, вадзіцель Іван Сакалоўскі, трактарыст Іван Івашанка, майстар лесу Аляксандр Мурашка, начальнік участка «Краснае» Віталій Южык. Апошні, да слова, хоць і не выязджаў у камандзіроўкі – хапала клопатаў па перапрацоўцы драўніны на пілараме, але, як адзначана ў загадзе міністра лясной гаспадаркі Беларусі да прафесійнага свята, узнагароджаны Ганаровай граматай Мінлясгаса і грашовай прэміяй «за добрасумленную плённую працу ў лясной гаспадарцы, вялікі асабісты ўклад у выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны» летась і ў першым паўгоддзі сёлета. Хаця, прызнаецца дырэктар лясгаса, старанных работнікаў у калектыве абсалютная большасць, і кожны заслугоўвае добрага слова. Іх час яшчэ наперадзе.
Сённяшнія набыткі калектыву, перакананы субяседнік, грунтуюцца на дасягненнях папярэднікаў, цяпер ужо ветэранаў працы лясной гаспадаркі. Іх засталося каля шасцідзесяці чалавек, і ніводзін не забыты: напярэдадні прафесійнага свята ўсім аказана грашовая дапамога. Можа быць, не столькі падарунак дарагі, колькі ўвага з боку тых, хто цяпер працягвае іх справу.
Не паспелі работнікі лясгаса, як кажуць, выцерці пот, перадыхнуць, а тут новае заданне: праводзіць суцэльныя санітарныя высечкі ўчасткаў сасновага лесу, пашкоджанага вяршынным жуком-караедам. Зноў камандзіроўкі – на гэты раз у Любанскі і Старадарожскі раёны.
– Вось ужо трэці месяц прадстаўнікі ўсіх нашых пяці лясніцтваў і лесапункта змагаюцца з чарговай напасцю, – працягвае А. Ермаловіч. – Ваша газета пісала пра гэтага мікраскапічнага, але вельмі небяспечнага шкодніка. Найбольш эфектыўным метадам спынення экспансіі з’яўляецца высечка пашкоджаных соснаў і спальванне раслінных рэшткаў. За гэты перыяд высеклі хворыя дрэвы на 63 гектарах, нарыхтавалі 14000 кубічных метраў драўніны. Работы працягваюцца і цяпер. Шкодніка трэба перамагчы, інакш урон беларускім лясам, эканоміцы, прыродзе ў цэлым будзе нанесены непапраўны.
Камандзіроўкі камандзіроўкамі, але ніхто не вызваляў калектыў ад штодзённых работ у маладзечанскіх лясах, асабліва ад правядзення высечак, догляду, абароны насаджэнняў ад пажараў і хцівых людзей. Ніхто не паслабляў патрабаванні і да эканомікі. І калі ў самым пачатку года паказчыкі гаспадарчай дзейнасці выклікалі заклапочанасць у кіраўніцтва лясгаса (у аснове спаду ляжалі аб’ектыўныя прычыны), то цяпер адставанне пераадолена, і калектыў працуе ўпэўнена, рэнтабельна. Як і заўсёды.
Таму і не хавалі радаснай усмешкі прадстаўнікі маладзечанскай дэлегацыі, калі ў мінулую сераду накіроўваліся ў Мінск на ўрачысты сход абласнога лесагаспадарчага аб’яднання, прымеркаваны да прафесійнага свята. Ехалі па заслужаныя ўзнагароды і добрыя словы ў свой адрас. Яны іх сапраўды заслужылі.
Дзень работнікаў лесу – інтэрнацыянальнае прафесійнае свята, якое адзначаецца ў трэцюю нядзелю верасня ў Беларусі, Расіі, Украіне, Кіргізіі. У лясным комплексе нашай краіны працуе каля 100 тысяч чалавек, з іх непасрэдна ў структуры Міністэрства лясной гаспадаркі – больш за 36 тысяч.
Лясы Беларусі – уласнасць дзяржавы. Лясны фонд краіны складае каля 9,5 мільёна гектараў, лясістасць – 38,5 працэнта. Па большасці паказчыкаў, якія характарызуюць лесасыравінныя рэсурсы, Беларусь уваходзіць у дзясятку вядучых лясных дзяржаў Еўропы.
Фота: АЎТАР.