Карэспандэнты «МГ» пабывалі ў гімназіі №6, дзе сёлета за парты селі больш за 100 першакласнікаў. А для паўсотні юнакоў і дзяўчат гэты навучальны год у гімназіі апошні. Наогул, ва ўстанове амаль 770 навучэнцаў.
— Практыкуецца ў нас і інтэграванае навучанне. Ёсць тры адпаведныя пачатковыя класы, у якіх займаецца па адным вучню з асаблівасцямі развіцця. І яшчэ адзін дзевяцікласнік навучаецца дома, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вікторыя Шпетная. — Як вядома, сёлета абноўлены і вучэбныя планы. Большасць новых падручнікаў ужо атрымана. Заняткі для першай змены будуць пачынацца ў 9.00, для другой – у 13.50.
Сімвалічны вераснёўскі званок далі першакласніца Марыя Рошчына і адзінаццацікласнік Мікіта Аксённік, стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі. Усе вучні першых класаў атрымалі сімвалічныя сувеніры і падарунак ад кіраўніка краіны – кнігу «Беларусь — наша Радзіма».
Фота: Аляксей ПЛАТКО.