29.08.2017 12:50

І хвост, і луска

Каля ста дваццаці чалавек прынялі ўдзел у гарадскім конкурсе рыбаловаў «Лавіся, рыбка!». Спаборніцтвы праходзілі ў мінулую суботу на азёрах у парку Перамогі.

Вось яно – рыбацкае шчасце! Юрый Ляшковіч заняў у спаборніцтвах трэцяе месца. Вось яно – рыбацкае шчасце! Юрый Ляшковіч заняў у спаборніцтвах трэцяе месца. Маладзечанская газета

— У адрозненне ад мінулых спаборніцтваў, сёлета да рыбалкі дапушчаны гараджане любога ўзросту, — патлумачыла правілы конкурсу яго арганізатар дырэктар дзіцячага цэнтра культуры «Расток» Наталля Соніч. – Удзельнікам дазваляецца карыстацца адной вудай з адным кручком. Падкормка і прынада дапускаюцца любыя. Месца лоўлі змяняць забараняецца. Пераможцы і прызёры за самы важкі ўлоў вызначаюцца ў дзвюх узроставых катэгорыях — да 14 гадоў і старэйшыя за 15. Узнагарода чакае рыбака, які зловіць самую вялікую рыбу.
Цёплае без дажджу надвор’е спрыяла правядзенню конкурсу. Радавала ўдзельнікаў спаборніцтваў і тое, што рыба добра бралася. Раз-пораз на кручкі трапляліся шчупакі, акуні, карасі, плоткі (часам даволі буйныя экзэмпляры). Рыбакі беражліва здымалі трафеі. За іх поспехамі сачылі шматлікія балельшчыкі. Барацьба ішла літаральна да апошняй хвіліны.
— Выхадны прайшоў з карысцю. Настрой добры. На азёрах выдатна адпачыў. Галоўнае для мяне не перамога, а ўдзел у спаборніцтвах, — падзяліўся ўражаннямі Алег Фёдараў, які вылавіў некалькі вялікіх акунёў.
— Мой улоў сёння – два прыгожыя шчупакі, — адзначыў Юрый Ляшковіч. – Яшчэ два, на жаль, сарваліся. Рыбалкай захапляюся з дзяцінства. У падобных спаборніцтвах удзельнічаю рэгулярна. Захапленне падзяляе і дачка Васіліса.
Узважванне ўлову і абмер рыбы — найбольш хвалюючая частка мерапрыемства. Свае трафеі суддзям прадставілі толькі тыя, хто меў рэальныя шанцы на перамогу. Удзельнікі цікавіліся вынікамі сапернікаў, уважліва сачылі за паказаннямі электроннага бязмена.
Нарэшце абвяшчаюцца вынікі. Самую буйную рыбу, шчупака вагой 2,2 кілаграма, вылавіў Аляксандр Сабалеўскі.
Жыхар нашага горада Віталій Смолка заняў першае месца ў дарослай узроставай катэгорыі па вазе ўлову. На яго рахунку амаль 4 кілаграмы карасёў і акунёў.
Пераможца сярод моладзі – навучэнец гімназіі-каледжа Максім Нікалайчык. Яго вынік – звыш 700 грамаў рыбы.
— Рыбалка прывучае да ўважлівасці, цярпення, стараннасці. Гэтыя якасці дапамагаюць мне вучыцца, а таксама займацца спортам і музыкай. Маім трэнерам-кансультантам па рыбалцы выступае дзядуля. Найбольш любімыя месцы лоўлі – вадаёмы Маладзечаншчыны, — сказаў Максім.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/fotofakt/item/1570-i-khvost-i-luska.html#sigProIdb5880bcf10
Прочитано 1731 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.