Трэба адзначыць, што ўмовы тут для дрэў-волатаў вельмі спрыяльныя. Вільгаць пастаўляе прыгожая Уша. Хапае і сонечнага святла, прасторы. Жывы помнік прыроды бачны здалёк. Расце ён на ўскрайку вёскі ля рачной старыцы.
Калі глядзіш на дрэвы, дзівішся іх велічнасці і прыгажосці. Яны нагадваюць моц гісторыі і часу. Нарасты на ствалах падобныя на казачных гаргуляў. Узоры на кары — на загадкавыя фрэскі. У перапляценні галін таямніцы мінулых вякоў.
Асабіста мяне ўразіў дуб, які расце ля моста праз Ушу. У яго, мабыць, калісьці ўдарыла маланка. Унутры ён увесь выгараў. Аднак прага да жыцця перамагла. На галінах дрэва кожны год з’яўляецца лісце. Моц роднай зямлі жывіць волата…
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.