Новости Молодечно и Молодечненского района

Як неабыякавыя людзі і з імі карэспандэнт «МГ» ратавалі дзіцяня казулі

  • 2021-01-05 12:48:33
  • Алег Бяганскі

— Калі ў вас ёсць магчымасць, давайце разам пад’едзем у вёску Еленка, — патэлефанаваў у рэдакцыю начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў. – Там жыхары аднаго з дамоў знайшлі маленькую казулю. Трэба перавезці дзікую жывёлу туды, дзе ёй акажуць прафе-сійную дапамогу.

Прапанову Уладзіслава Віктаравіча ўспрыняў з энтузіязмам. Добрыя ўчынкі трэба здзяй-сняць кожны дзень. Тым больш ганарова дапамагчы істоце, якая не можа паклапаціцца пра сябе сама. Гэта тычыцца і лю-дзей, і жывёл. І вось праз некалькі хвілін наша выратавальная экспедыцыя накіравалася ў вышэйзгаданы населены пункт.

Выпадкаў, калі дзікія насельнікі прыродных ландшафтаў трапляюць у бяду, на жаль, даволі шмат. Асабліва гэта актуальна ў халодны перыяд года. Дае аб сабе знаць зімовая бяскорміца. Аслабелы арганізм не можа супрацьстаяць хваробам. Вінаватымі ў бедстве жывёл бываюць і людзі. Тыя ж браканьеры могуць зрабіць сіротамі маладых казуль, ласянят, прадстаўнікоў іншых відаў. Тады небаракам пагражаюць драпежнікі або галодная смерць.

Да месца даехалі хутка. Знайшлі патрэбны дом ля самага лесу. Каля ганка нас сустрэў сын гаспадароў Алег Пякарчык. Малады чалавек – студэнт адной са сталічных вышэйшых навучальных устаноў. У вольны ад заняткаў час прыязджае ў вёску.

— Маці паехала купіць лекі для казулі. Завязе іх адразу ў прытулак для жывёл. Я пакажу, дзе знаходзіцца небарака, — сказаў Алег.

Казуля ляжала на чыстай сухой саломе ў куце хлява. Было бачна, што жывёла знясіленая і абязводжаная, ёй неабходная прафесійная ветэрынарная дапамога. Надзею на станоўчы вынік давала тое, што ад моманту, калі казулю знайшлі, прайшло не так шмат часу, а ўсе неабходныя ўзгадненні з зацікаўленымі арганізацыямі былі выкананы аператыўна.

Перавозка жывёлы прайшла без здарэнняў. У машыне яна сцішылася і з надзеяй глядзела то на сваіх выратавальнікаў, то ў акно. Звярыны прытулак знаходзіцца на тэрыторыі раёна. Там нас сустракалі гаспадар і Кіра Пякарчык (менавіта па яе ініцыятыве і пачалася ратавальная аперацыя).

— Жывёл я люблю з дзяцінства, — гаворыць Кіра Аляксандраўна. – Ведаю, як аказаць падапечным першую дапамогу. Лёс гэтай казулі прыняла блізка да сэрца. Таму і зрабіла ўсё, што было ў маіх сілах, каб уратаваць ёй жыццё.

Жанчына сказала, што жывёла выйшла з лесу і спачатку накіравалася на суседні ўчастак. Там знясіленая ўпала. Суседзі прыйшлі параіцца, што рабіць з мёртвай жывёлай. Аднак калі Кіра наблізілася да казулі, тая падняла галаву.

Субяседніца ведала, што за адабранне з прыроды дзікай жывёлы наступае адказнасць, таму адразу паведаміла пра знаходку ў міліцыю і райінспекцыю па ахове прыроды, атрымала адпаведныя рэкамендацыі. Потым перанесла  казулю ў пуню, укруціла ў цёплую посцілку, накарміла. А цяпер перадала ў добрыя рукі.

– Добра, што ў нашым раёне ёсць людзі, якія аказваюць дапамогу жывёлам, якія церпяць бедства, — сказаў Уладзіслаў Чарноў. — Аднак пры гэтым неабходна прытрымлівацца правілаў. Так было і ў гэтым выпадку. Спачатку паступіла паведамленне ў дзяржаўныя органы. Затым сваё рашэнне прыняла раённая камісія па аказанні дапамогі дзікім жывёлам, аформілі ўсе неабходныя дакументы. У выніку казулю змясцілі ў спецыяльны гадавальнік.

Уладзіслаў Віктаравіч нагадаў правілы, якія трэба выконваць, калі вы ўбачылі пакалечаную або хворую дзікую жывёлу.

Галоўнае тут – асцярожнасць. Дзікі насельнік прыродных
ландшафтаў можа быць хворы на шаленства. Акрамя таго, у такой сітуацыі ён адчувае наймацнейшы стрэс. Сваімі дзеяннямі можна пагоршыць стан жывой істоты і прынесці ёй дадатковыя пакуты. Таму варта даручыць выратаванне спецыялістам.

Пра хворую або пакалечаную дзікую жывёлу неабходна паведаміць па тэлефонах экстранных службаў 101, 102, 112. Па гэтых жа нумарах неабходна паведамляць і аб паляўнічай жывёле, якая загінула ці была збітая ў выніку ДТЗ. Адказная асоба павінна аформіць адпаведны акт, пасля чаго паведаміць у Дзяржаўную інспекцыю жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (кругласутачныя тэлефоны даверу 8-017-39-00-000 і 8-033-33-36-000).

Ні ў якім разе нельга сама-стойна забіраць дзікіх жывёл з месцаў іх рассялення! За гэта наступае адміністрацыйная або крымінальная адказнасць.

***
Казуля — самы малы прадстаўнік беларускіх відаў сям’і аленевых. Найчасцей насяляе мяшаныя лясы, якія распаўсюджаны каля адкрытых прастораў. У час адпачынку жывёла трымаецца на ўзлесках, палянах, лугах, у поймах рэк.

У прыплодзе казулі бывае звычайна двое, радзей трое дзіцянят. Яны нараджаюцца ў маі-чэрвені і выглядаюць зусім бездапаможнымі. Першыя два тыдні маларухомыя, больш ляжаць, паднімаюцца толькі для кармлення. А ўжо з двухтыднёвага ўзросту дзіцяняты не адстаюць ад маці. Кормяцца яе малаком да ліпеня-жніўня, потым пачынаюць есці сакавітае лісце і траву.

Нованароджаныя пакрытыя мяккай рудой шэрсткай са светлымі плямамі. Такая характэрная ахоўная афарбоўка захоўваецца да канца лета. Яна дапамагае дзіцянятам добра маскіравацца, каб засцерагчыся ад небяспечных драпежнікаў. А натуральных ворагаў у іх у гэты перыяд шмат: ваўкі, рысі, лісы, бадзяжныя сабакі.

Вытанчаная і грацыёзная, казуля не мае сабе роўных сярод іншых капытных. Яна з’яўляецца сапраўдным упрыгажэннем беларускіх лясоў.


Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.