Новости Молодечно и Молодечненского района

Вадаплаўныя птушкі: ратуючы, не нашкодзь!

  • 2022-02-09 06:57:12
  • Алег Бяганскі

Гаворка ідзе пра вадаплаўных птушак, якія восенню не паляцелі ў вырай, а засталіся зімаваць у нашых краях. Трэба адзначыць, што такія паводзіны не з’яўляюцца анамальнымі. Колькасць птушак, якія аддаюць перавагу «аселаму ладу жыцця», з кожным годам павялічваецца. На некаторых незамярзаючых вадаёмах часам можна назіраць да 20 іх відаў.

Арнітолагі даказалі: большасць вадаплаўных птушак, якія зімуюць у натуральных умовах і не падкормліваюцца чалавекам, добра пераносяць халодную пару года. Яны самастойна знаходзяць сабе харчаванне і не маюць патрэбу ў дадатковых пайках.

Так, у рацыён качак уваходзяць малюскі, багаты арганікай глей, насенне і вегетатыўныя часткі раслін. Лебедзі харчуюцца падводнымі часткамі раслін, фільтруюць дзюбамі дробных рачкоў і лічынак. Такая ежа натуральная, а значыць, карысная.

У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паведамілі, што птушкі на штучнай падкормцы губляюць навыкі выжывання ў дзікай прыродзе. Да таго ж яны перастаюць баяцца людзей. Як правіла, птушкі самі могуць пра сябе паклапаціцца. Дапамога чалавека патрэбная ім толькі ў экстрэмальных сітуацыях.

Увага! Падкормліваць вадаплаўных птушак варта пры рэзкім паніжэнні тэмпературы (да мінус 15-20 градусаў і ніжэй) і толькі ў месцах, дзе іх шмат (больш за 200 асобін адначасова), а таксама пры наяўнасці ў птушак фізічных пашкоджанняў. У гэтых выпадках лепш за ўсё ім даваць аўсянку з сырой і варанай агароднінай, прарослыя травы – авёс, ячмень, пшаніцу. А вось чорны хлеб для іх шкодны.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.