— Узнаўленне лясоў — толькі адзін з напрамкаў дзейнасці лясной гаспадаркі краіны, — адзначыў спецыяліст. — Сярод іншых задач галіны — ахова зялёных масіваў, нарыхтоўка і выкарыстанне драўняных лясных рэсурсаў, арганізацыя паляўнічай дзейнасці, нарыхтоўка другасных рэсурсаў (збор бярозавіку, мёду і iншыя). Усе вышэйзгаданыя напрамкі паспяхова развіваюцца ў нашым раёне.
Субяседнік падкрэсліў, што ў раёне створаны поўны цыкл узнаўлення лясных масіваў.
Лесаводы збіраюць насенны матэрыял з добрымі генетычным якасцямі, у лясным гадавальніку па спецыяльнай тэхналогіі вырошчваюць сеянцы і саджанцы, высаджваюць маладыя дрэўцы на пастаяннае месца. Значная частка пасадачнага матэрыялу рэалізуецца ў іншыя лясгасы Беларусі і пастаўляецца на экспарт.
— Як і ў сельскай гаспадарцы, лясная «пасяўная кампанія» праходзіць у аптымальныя тэрміны пры спрыяльных умовах надвор’я, — расказаў Андрэй Мікалаевіч. — Штогод на тэрыторыі раёна аднаўляецца больш за 100 гектараў лясоў. Пры гэтым высаджваецца каля 400 тысяч сеянцаў і саджанцаў. У асноўным пасадкі праводзяцца на дзялянках пасля рубкі галоўнага карыстання. Многія расліны высаджваюцца з закрытай каранёвай сістэмай. Гэта гарантуе практычна стопрацэнтную прыжывальнасць. Вырошчваецца такі пасадачны матэрыял у цяпліцах у спецыяльных касетах.
Як паведаміў субяседнік, у раёне ў апошнія гады ствараюцца энергетычныя плантацыі. Прызначаны яны для хуткага атрымання драўніны для вырабу дранкі на паліва. У адрозненне ад звычайных пасадак на іх высаджваюць у тры-чатыры разы больш дрэў. Прымяняюцца пароды, якія хутка растуць (напрыклад, бяроза).
— Акрамя гаспадарчай, лясы маюць і вялікае экалагічнае значэнне, — дадаў Андрэй Шыбека. — Гэта важна ў такім густанаселеным раёне, як Маладзечанскі. Асаблівы статус маюць лясныя масівы ўздоўж дарог, ля водных аб’ектаў, у месцах, дзе сустракаюцца расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі лясгаса размешчана сем заказнікаў мясцовага значэння.
Субяседнік дадаў, што мала вырасціць лес. Трэба яшчэ і зберагчы яго ад пажараў, шкоднікаў, браканьераў, не дапусціць забруджвання лясных масіваў. Для гэтага прымяняюцца квадракоптары, камеры фота- і відэафіксацыі, арганізуюцца рэйды.
— Лес — наша агульнае багацце, і берагчы яго трэба ўсім разам. Толькі так мы захаваем спрыяльнае навакольнае асяроддзе для будучых пакаленняў, — падкрэсліў Андрэй Шыбека.
У тэму
Асноўная лесаўтваральная парода ў раёне — сасна. Яшчэ распаўсюджаны елка, бяроза, асіна, дуб, лістоўніца.
На Маладзечаншчыне рэгулярна праводзіцца радыялагічны кантроль зялёных масіваў. Узровень радыелагічнага забруджвання ўсюды ў межах нормы.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.