Новости Молодечно и Молодечненского района

Пра фотапасткі, барацьбу з пажарамі і ўлік жывёлы

  • 2021-03-19 11:16:39
  • Алег Бяганскі

— Работнікі лясгаса заўсёды дбаюць пра захаванне лесу, — гаворыць Андрэй Шыбека. – Лясная ахова рэгулярна арганізуе рэйды. Праводзіцца ўлік дзікіх жывёл. Прымаюцца захады па папярэджанні ўзгаранняў на тэрыторыі дзяржлесфонду.

Акрамя работнікаў лясгаса ў рэйдах удзельнічаюць ратавальнікі, супрацоўнікі міліцыі, прадстаўнікі прыродаахоўных арганізацый. Важна, што за ляснымі масівамі вядзецца кругласутачнае назіранне з дапамогай камер фотавідэафіксацыі.

Некаторыя прыборы стацыянарныя. Яны ўстаноўлены на спецыяльных вышках. Ёсць і мабільныя. Іх месцазнаходжанне рэгулярна змяняецца.



Спецыяліст падкрэсліў, што захаваць і прымножыць лясное багацце дапамагаюць спецыяльныя тэхналогіі вырошчвання маладых дрэў. У час санітарных высечак і высечак галоўнага карыстання асноўны акцэнт робіцца на хуткае аднаўленне ўчастка.

Таксама на Маладзечаншчые вядзецца барацьба са шкоднікамі лесу. Калі трэба, хворыя дрэвы высякаюцца. Так адбываецца, калі ўчастак заражаны вяршынным караедам. Асаблівая ўвага надаецца ўчасткам, якія раней
выкарыстоўваліся сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Такія дзялянкі могуць паражацца каранёвай губкай. Захаваць лес дапамагае і спецыяльная тэхніка.

— Сёлета снежная зіма дазволіла правесці поўнамаштабны ўлік дзікіх насельнікаў лесу, — адзначыў галоўны ляснічы. — Вынікі «перапісу» апрацоўваюцца і аналізуюцца. Згодна з папярэднімі данымі ў раёне павялічылася колькасць казуль, ласёў, аленяў, іншых відаў паляўнічых жывёл. Пры гэтым менш стала лісіц і дзікоў.

Як паведаміў Андрэй Шыбека, у лясгасе загадзя рыхтуюцца да пажаранебяспечнага перыяду. У распараджэнні арганізацыі пажарныя машыны, ранцавыя вогнетушыцелі, мотапомпы, іншая тэхніка.

Галоўны ляснічы папярэдзіў, што выпальваць сухую расліннасць, а таксама разводзіць вогнішча ў недазволеных месцах небяспечна не толькі для прыродных экасістэм. Агонь можа перакінуцца на жылыя дамы, дачы, гаспадарчыя аб’екты.

— Камеры фотафіксацыі прымяняюцца ў лясгасе ўжо некалькі гадоў, — уступіў у размову Генадзій Калошыч. – Тэхніка паказала сваю эфектыўнасць. Таму сёлета было закуплена 9 фотапастак, а іх агульная колькасць узрасла да 13.

Член аднаго з садовых таварыстваў засмечвае лясны масіў. Фота і доказ правапарушэння.

Устанаўліваюцца фотапасткі ў месцах, дзе магчымыя засмечванне лесу, незаконная высечка. Тэхніка спрацоўвае на рух. Выява адразу перадаецца на камп’ютары лясной аховы. Якасны здымак можа быць зроблены і ў цёмны час сутак.

Спецыяліст расказаў, што летась у фотапасткі «трапілі» дачнікі, якія выносілі смецце ў лясныя масівы. Яшчэ тэхніка зафіксавала крадзеж бярозавіку на адной з дзялянак, вываз у лес смецця на аўтамабілях, раскладанне агню ў неналежным месцы, іншыя парушэнні экалагічнага заканадаўства.

Браканьеры здабывалі бярозавік, а потым заплацілі штраф.

Увага! У Беларусі з 3 па 10 красавіка пройдзе рэспубліканская добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу». Стаць яе ўдзельнікам можа кожны. Для гэтага трэба звярнуцца ў лясгас або бліжэйшае лясніцтва. Валанцёраў забяспечаць пасадачным матэрыялам і інвентаром.

На Маладзечаншчыне традыцыйна актыўны ўдзел у акцыі прымаюць навучэнцы і выкладчыкі каледжаў, спецыялісты па ахове прыроды, ратавальнікі, работнікі Маладзечанскіх электрасетак, прадстаўнікі іншых арганізацый.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР і архіў МАЛАДЗЕЧАНСКАГА ЛЯСГАСА.