На месца знаходкі мы накіраваліся разам з начальнікам Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіславам Чарновым. Эколаг расказаў, што работнікі сельскагаспадарчай арганізацыі прасілі забраць птушанят, бо не ведаюць, як ім дапамагчы.
— Першае птушаня знайшла выпадкова, — расказала работніца збожжасховішча. — Здзівілася, што гэта за шэры камячок? Потым зразумела, агледзелася, заўважыла яшчэ адну птушку. Яны ляжалі ціха, але выглядалі здаровымі.
Жанчына параілася з калегамі, што рабіць са знаходкай. Вырашылі паведаміць у райінспекцыю па ахове прыроды. Да прыезду выратавальнай каманды птушанят змясцілі ў бяспечнае месца. Людзі перажывалі за лёс птушак.
— Хутчэй за ўсё, птушаняты выпадкова выпалі з гнязда, — пракаменціраваў сітуацыю Уладзіслаў Чарноў. – Ім пагражала верная смерць. Справа ў тым, што бацькі, як правіла, не клапоцяцца пра такіх птушанят, не кормяць іх і не абараняюць. А паласавацца знаходкай маглі каты, сабакі, драпежныя птушкі.
Спецыяліст падкрэсліў, што самастойна ратаваць знойдзеных дзікіх жывёл і птушак не рэкамендуецца. Для гэтага патрэбныя спецыяльныя навыкі і асаблівыя ўмовы. Да таго ж не ўсе «кінутыя» браты нашы меншыя церпяць бедства.Птушаняты сыча змешчаны ў прытулак для дзікіх жывёл на тэрыторыі раёна. Калі птушкі набяруцца сіл, іх выпусцяць на волю.
Уладзіслаў Чарноў нагадаў, што вясна і пачатак лета — час размнажэння многіх відаў дзікіх жывёл. У гэты перыяд лепш не турбаваць насельнікаў прыродных экасістэм. Што тычыцца населеных пунктаў, уладальнікам сабак на прагулках трэба больш уважліва наглядаць за сваімі гадаванцамі. Ды і катоў па магчымасці пажадана менш выпускаць на вуліцу.
ДАВЕДКА
Сычы насяляюць адкрытыя ландшафты ад лесастэпаў і гор да пустынь, часта гняздзяцца ў населеных пунктах. Гнёзды ладзяць высока ў дупле, у шчылінах скал, будынкаў, у іншых цяжкадаступных месцах. Звычайна самка адкладае не больш за сем яек. Птушаняты гатовы пакідаць гнёзды ва ўзросце месяца.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.