Новости Молодечно и Молодечненского района

Ляціце, буслікі! І большне трапляйце ў бяду

  • 2022-08-22 07:46:23
  • Анжаліка Крупянькова

Калі Надзея Іванаўна ступіла на падворак, убачыла двух маладых буслікаў, крылы якіх былі пакрыты тоўстым слоем гразі. Лятаць яны не маглі, толькі баязліва шпацыравалі ўздоўж плоту.

— Васіліса разам са сваім татам Мікалаем Кебічам пайшлі да рэчкі выгуляць нашага сабаку, — расказвае Надзея Іванаўна. — Падышоўшы да ракі, каля старога млына яны ўбачылі белую чаплю, якая стаяла на самым беразе. Над ракой закружылі буслы, а потым спусціліся прама ў балота на завадзі, хацелі наблізіцца да чаплі. Відаць, прынялі яе за свайго сародзіча. Не зрабілі і пару крокаў, як сталі тануць…

Крылатым вельмі пашанцавала: Мікалай Віктаравіч па прафесіі выратавальнік. Яго дзеянні былі хуткімі і дакладнымі. Перадаўшы павадок ад сабакі дачцэ, ён імгненна кінуўся ў балота і адзін за адным выратаваў бедалаг, выцягнуў іх на бераг. Паколькі птушкі не маглі лятаць, бацька з дачкой вырашылі іх прынесці на сядзібу Надзеі Іванаўны. Акуратна абцерлі ім крылы, за дзве з паловай гадзіны яны абсохлі, і маладыя птахі змаглі падняцца ў неба.

Як гэта важна, што ў выніку правільных дзеянняў Мікалая Віктаравіча буслы змаглі лятаць, як і раней. Зусім хутка ім прыйдзецца адправіцца ў дальні пералёт, на зімоўку ў Егіпет. А які павучальны ўрок міласэрнасці, беражлівых адносін да братоў нашых меншых Мікалай Кебіч паднёс сваёй дачушцы! Цяпер Васіліса яшчэ больш можа ганарыцца сваім татам, які і так з’яўляецца для яе прыкладам мужнасці, вынослівасці, дабрыні. Дарэчы, дзяўчынка ў свае дзесяць год таксама многага дасягнула: у яе выдатныя поспехі ў гімнастыцы, шмат перамог на прэстыжных спаборніцтвах.

— Пасля гэтага выпадку буслы два разы кружылі над нашым дваром, нібы дзякавалі за выратаванне, — расказвае Надзея Леган.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Надзеі ЛЕГАН.