30.11.2022 10:09

Вяз, які перажыў стагоддзі

У вёсцы Талуі расце велічнае дрэва, пра якое ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Мясцовыя жыхары клапоцяцца пра яго, а дзяржава ўзяла зялёнага волата пад ахову. Гаворка ідзе пра адзіны на тэрыторыі раёна помнік прыроды рэспубліканскага значэння 230-гадовы вяз.

Лёсы ўнікальнага вяза і нашай малой радзімы цесна пераплецены. Дрэва было сведкам многіх падзей. Яно магло б расказаць пра Айчынную вайну 1812 года, адмену прыгоннага права, Першую сусветную, устанаўленне савецкай улады, польскую акупацыю, барацьбу народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пасляваеннае аднаўленне.

Ля вяза мясцовыя жыхары заўсёды ладзілі святы, сустракаліся, адзначалі важныя сямейныя падзеі. Для дзяцей гэта было адным з любімых месцаў гульняў. З вышыні дрэва адкрываецца від на многія кіламетры. А само яно стала сімвалам населенага пункта. Вось чаму вяскоўцы трапятліва ставяцца да старажыла, ахоўваюць і берагуць яго.

Наданне вязу высокага ахоўнага статуса было сапраўды народным праектам. Першым пра ўнікальнае дрэва расказаў шырокай аўдыторыі краязнавец Міхаіл Міхалевіч. Шмат зрабіў для захавання волата мясцовы жыхар Іван Дурэйка. Да карыснай справы далучыліся яго аднавяскоўцы, неабыякавыя жыхары раёна. Ідэю падтрымала Маладзечанская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У выніку тэрыторыя вакол помніка прыроды была добраўпарадкавана. Гаспадарчая дзейнасць у яго ваколіцах забаронена. Сажалка побач ачышчана. Стан волата рэгулярна кантралюецца. Паглядзець на вяз, дакрануцца да яго прыязджаюць шматлікія турысты. Дзякуючы новай славутасці павялічылася турыстычная прывабнасць Маладзечанскага раёна і цэнтральнага рэгіёна. А галоўнае -- унікальнае дрэва захавана для будучых пакаленняў.

Адзначым, што вяз-старажыл мае вялікі экалагічны патэнцыял. Штогод дрэвам акумулюецца 0,06 тоны вуглекіслаты і выдзяляецца 0,05 тоны кіслароду. За год яно асаджвае 28 кілаграмаў пылу. У кроне, плошча якой складае каля 400 квадратных метраў, знаходзяць прытулак дзясяткі птушак.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: архіў Уладзіслава ЧАРНОВА.

Прочитано 679 раз Последнее изменение 30.11.2022 10:09
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.