25.04.2022 11:24

У раёне высаджвалi малады лес

Рэспубліканская добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу-2022» завяршылася 16 красавіка. За час яе правядзення на Маладзечаншчыне высаджана больш за 225 тысяч дрэў на плошчы 36,5 гектараў. Мы папрасілі галоўнага ляснічага Маладзечанскага лясгаса Андрэя Шыбеку расказаць пра ўзнаўленне лясных масіваў на тэрыторыі раёна.

У «Тыдні лесу» ўдзел прымаюць работнікі Маладзечанскага лясніцтва. У «Тыдні лесу» ўдзел прымаюць работнікі Маладзечанскага лясніцтва.

— Узнаўленне лясоў — толькі адзін з напрамкаў дзейнасці лясной гаспадаркі краіны, — адзначыў спецыяліст. — Сярод іншых задач галіны — ахова зялёных масіваў, нарыхтоўка і выкарыстанне драўняных лясных рэсурсаў, арганізацыя паляўнічай дзейнасці, нарыхтоўка другасных рэсурсаў (збор бярозавіку, мёду і iншыя). Усе вышэйзгаданыя напрамкі паспяхова развіваюцца ў нашым раёне.

Субяседнік падкрэсліў, што ў раёне створаны поўны цыкл узнаўлення лясных масіваў.

Лесаводы збіраюць насенны матэрыял з добрымі генетычным якасцямі, у лясным гадавальніку па спецыяльнай тэхналогіі вырошчваюць сеянцы і саджанцы, высаджваюць маладыя дрэўцы на пастаяннае месца. Значная частка пасадачнага матэрыялу рэалізуецца ў іншыя лясгасы Беларусі і пастаўляецца на экспарт.
— Як і ў сельскай гаспадарцы, лясная «пасяўная кампанія» праходзіць у аптымальныя тэрміны пры спрыяльных умовах надвор’я, — расказаў Андрэй Мікалаевіч. — Штогод на тэрыторыі раёна аднаўляецца больш за 100 гектараў лясоў. Пры гэтым высаджваецца каля 400 тысяч сеянцаў і саджанцаў. У асноўным пасадкі праводзяцца на дзялянках пасля рубкі галоўнага карыстання. Многія расліны высаджваюцца з закрытай каранёвай сістэмай. Гэта гарантуе практычна стопрацэнтную прыжывальнасць. Вырошчваецца такі пасадачны матэрыял у цяпліцах у спецыяльных касетах.

Як паведаміў субяседнік, у раёне ў апошнія гады ствараюцца энергетычныя плантацыі. Прызначаны яны для хуткага атрымання драўніны для вырабу дранкі на паліва. У адрозненне ад звычайных пасадак на іх высаджваюць у тры-чатыры разы больш дрэў. Прымяняюцца пароды, якія хутка растуць (напрыклад, бяроза).

— Акрамя гаспадарчай, лясы маюць і вялікае экалагічнае значэнне, — дадаў Андрэй Шыбека. — Гэта важна ў такім густанаселеным раёне, як Маладзечанскі. Асаблівы статус маюць лясныя масівы ўздоўж дарог, ля водных аб’ектаў, у месцах, дзе сустракаюцца расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі лясгаса размешчана сем заказнікаў мясцовага значэння.

Субяседнік дадаў, што мала вырасціць лес. Трэба яшчэ і зберагчы яго ад пажараў, шкоднікаў, браканьераў, не дапусціць забруджвання лясных масіваў. Для гэтага прымяняюцца квадракоптары, камеры фота- і відэафіксацыі, арганізуюцца рэйды.

— Лес — наша агульнае багацце, і берагчы яго трэба ўсім разам. Толькі так мы захаваем спрыяльнае навакольнае асяроддзе для будучых пакаленняў, — падкрэсліў Андрэй Шыбека.

У тэму

Асноўная лесаўтваральная парода ў раёне — сасна. Яшчэ распаўсюджаны елка, бяроза, асіна, дуб, лістоўніца.

На Маладзечаншчыне рэгулярна праводзіцца радыялагічны кантроль зялёных масіваў. Узровень радыелагічнага забруджвання ўсюды ў межах нормы.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 165 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.