15.11.2021 15:47

Касалапы наведаў Маладзечаншчыну

Сляды мядзведзя бачылі ў ваколіцах Чысці, Лабачоўкі, рыбгаса «Грыцава».

Як правіла, мядзведзі пазбягаюць сустрэч з людзьмі. Але правакаваць іх не варта. Як правіла, мядзведзі пазбягаюць сустрэч з людзьмі. Але правакаваць іх не варта.

Як паведаміў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў, хутчэй за ўсё звер мігрыруе з тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка. За суткі ён можа пераадолець 40 кіламетраў. Сляды прысутнасці самага буйнога беларускага драпежніка заўважалі ў Вілейскім і Лагойскім раёнах.

Спецыяліст падкрэсліў, што мядзведзь аддае перавагу глухім месцам, зараснікам, можа заходзіць на забалочаныя ўчасткі. Харчуецца ён расліннай і жывёльнай ежай. Сустрэч з людзьмі звер, як правіла, пазбягае. Таму правакаваць яго нельга. Асабліва небяспечная мядзведзіца з маленькімі медзведзянятамі. Калі выпадае снег і надыходзяць маразы, касалапы ўпадае ў спячку.

— Мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Забойства звера або нанясенне яму шкоды караецца па законе, — адзначыў Уладзіслаў Чарноў.

У ТЭМУ. Па інфармацыі прэсслужбы Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, за апошнія 20 гадоў колькасць мядзведзяў у беларускіх лясах павялічылася ў тры разы.

Каб не стаць ахвярай нападу дзікай жывёлы, неабходна выконваць простыя правілы. У месцах верагоднай сустрэчы з мядзведзем варта рухацца даволі шумна. Калі вы ўсё ж сутыкнуліся з ім, важна ацаніць рэакцыю жывёлы. Пры міралюбівым настроі ён глядзіць на чалавека скоса і толькі зрэдку кідае прамыя погляды. Чалавеку пры гэтым трэба стаяць смірна, быць знешне спакойным і рашучым. Адыходзіць ад ляснога насельніка неабходна без рэзкіх рухаў, не паварочваючыся да яго плячамі.

Калі дарослы мядзведзь настроены агрэсіўна, ён можа глядзець прамым поглядам. Верная прыкмета нападу — узнятая шэрсць. Тады чалавеку трэба прыкінуцца мёртвым: легчы на жывот, рукі сціснуць у замку на патыліцы, локцямі закрыць твар. Уцякаць ад звера трэба толькі пакуль ён не глядзіць.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: інтэрнэт-рэсурсы.

 

Прочитано 235 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.