Пры гэтым арнітолагі не раяць браць птушак пад поўную апеку. Дзікія віды павінны заставацца дзікімі, і ўменне самастойна шукаць і здабываць корм -- важны складальнік іх жыцця. Таму дапамагаць ім варта тады, калі гэта сапраўды неабходна. А корм павінен падыходзіць спажыўцам.
Так, сінічкі любяць сланечнікавыя семкі. З сумесі насення яны знаходзяць менавіта іх, астатнія скідваюць на зямлю. Большасць відаў аддае перавагу пшаніцы, аўсу, аўсянцы, ячным крупам, кукурузе, просу, геркулесу. Падыходзіць для птушак насенне ясеня і клёну.
Акрамя сініц, карыстаюцца «птушынымі сталовымі» вераб’і, снегіры, галубы, сойкі, дзятлы, заранкі, попаўзні. Прывабліваюць пачастункі пішчух, амялушак, варон, галак, сарок…
Неабходна паклапаціцца пра бяспеку птушак у час кармлення. Напрыклад, каб да іх не дабраліся каты, кармушку трэба размяшчаць на вышыні 120-150 сантыметраў ад зямлі.
Галоўны спецыяліст Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Танана адзначыў, што птушкі, якім мы дапамагаем у зімовы перыяд, аддзячаць нас вясной. Яны знішчаць шкоднікаў садоў і агародаў і такім чынам дапамогуць захаваць ураджай. Акрамя таго, птушкі падтрымліваюць экалагічны баланс у парках, садах, лесапарках. Дзякуючы гэтаму захоўваецца прыроднае багацце роднага краю.
У ТЭМУ. Часам у горадзе можна бачыць, як птушкі ладзяць банкет на кантэйнерных пляцоўках для збору цвёрдых бытавых адходаў. Вінаваціць іх не трэба -- яны знаходзяць корм і спяшаюцца наталіць апетыт. А вось жыхарам бліжэйшых дамоў неабходна задумацца. Адходы з кухні трэба збіраць у спецыяльныя пакеты, а ў кантэйнеры кідаць так, каб яны не парваліся. Ежа з нашага стала для птушак шкодная.
Птушыны настрой
Многія гараджане вельмі любяць назіраць за крылатымі суседзямі.
А ў двары дома №10 на вуліцы Прытыцкага на невялікім дрэве ля пешаходнай дарожкі «пасяліліся» штучныя птушкі. Іх чарада звяртае на сябе ўвагу, узнімае настрой. Бачна, што зроблены птушкі з любоўю. У кожнай свой характар, свая расфарбоўка.
У гэтым двары клапоцяцца і пра жывых птушак -- тут для іх устаноўлены тры кармушкі. Чым не прыклад для пераймання?
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР, інтэрнэт-рэсурсы.