— Толькі недасведчаныя людзі думаюць, што рыбаводства — простая справа, — гаворыць Павел Леанідавіч. – Маўляў запусціў малькоў у ваду — і яны самі вырастуць. На самай справе, перад тым як сабраць «ураджай», трэба прыкласці шмат намаганняў.
Па словах субяседніка, дробязей пры гадоўлі рыбы няма. Тут вялікае значэнне маюць тэмпература вады, утрыманне ў ёй кіслароду, іншыя прыродныя фактары. Неабходна клапаціцца пра здароўе падапечных, праводзіць селекцыйную работу, карміць, ахоўваць рыб. На паводзіны насельнікаў сажалак уплывае нават надвор’е.
— Рыбалку любіў з дзяцінства, — працягвае Павел Буслаўскі. – Гэта захапленне і вызначыла жыццёвы шлях. Спецыяльнасці набыў у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Магілёўскай вобласці. Работа цікавая. Увесь час на прыродзе. Калектыў у нас дружны, згуртаваны. Нешта калегі мне падкажуць, нешта я ім.
Дарэчы, самага вялікага ў жыцці карпа Павел вылавіў тут жа, у «Грыцаве». Рыба важыла больш за 7 кілаграмаў.У сажалках рыбгаса разводзяць карпаў, таўсталобікаў, амураў, шчупакоў і самоў.
ЦІКАВА ВЕДАЦЬ
Калі мы наведвалі рыбгас, у ваколіцах перыядычна раздаваліся даволі гучныя стрэлы. Павел Буслаўскі патлумачыў, што так працуе спецыяльная газавая гармата. Яна адпуджвае рыбаедных птушак, і такім чынам захоўваюцца рыбныя багацці. Проста, экалагічна і без урону для птушак.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.