Новости Молодечно и Молодечненского района

Бусел «пераехаў» у «Мару дзяцінства»

  • 2022-11-03 09:15:58
  • Алег Бяганскі

— Птушка некалькі дзён хадзіла па населеным пункце, людзей не баялася, — расказаў начальнік Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў. — Такія паводзіны для дзікіх жывёл нехарактэрныя. Урэшце бусел завітаў на падворак аднаго з мясцовых жыхароў. На начлег крылаты падарожнік уладкаваўся ў хляве. Там ён аблюбаваў сабе жэрдачку і супакоіўся.

Было відавочна, што ў прыродзе малады бусел загінуў бы. На яго маглі напасці сабакі або пакрыўдзіць злыя людзі. Ды і здабываць зімой корм сам ён не змог бы. Каб выратаваць жыццё грацыёзнай птушцы, яе перавезлі на аграсядзібу «Мара дзяцінства» ля Маладзечна. Там новы «пастаялец» будзе жыць у бяспецы побач з іншымі жывёламі. Пры жаданні птушка можа пакінуць прытулак.

Уладзіслаў Чарноў нагадаў, што без дазволу забіраць з прыроды дзікіх жывёл забараняецца. За гэта прадугледжана адказнасць. Адпаведны дазвол можа даць райінспекцыя па ахове прыроды. Аднак пры гэтым неабходна стварыць для «кватаранта» камфортныя ўмовы (забяспечыць вадой, патрэбным кормам, пабудаваць вальер ці прасторную клетку).

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: архіў РАЁННАЙ ІНСПЕКЦЫІ ПРЫРОДНЫХ РЭСУРСАЎ І АХОВЫ НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ.