Памятаю, калі я вучыўся ў школе, настаўнік поўнасцю прысвяціў урок біялогіі мурашам — эфектыўным санітарам лесу. Потым наш клас замацоўваў атрыманыя веды на практыцы — мы рабілі агароджы вакол мурашнікаў.

Некаторыя факты пра гэтых працавітых насякомых будуць цікавыя і нашым чытачам. Тым больш што цяпер у самым разгары грыбны сезон, і многія жыхары Маладзечаншчыны ідуць на ціхае паляванне.
Нездарма мурашоў называюць санітарамі лесу. Яны паскараюць раскладанне трухлявай драўніны, збіраюць сухое лісце і галінкі, ачышчаюць расліны ад вусеняў, кляшчоў, пільшчыкаў. Адзін мурашнік за суткі здольны ачысціць тэрыторыю ад 2 тысяч лічынак розных шкоднікаў.
Мурашы разносяць насенне па лесе. Каля 3 тысяч відаў раслін распаўсюджваюць гэтыя насякомыя. Птушкі любяць купацца ў мурашніках. Так яны пазбаўляюцца ад шкоднікаў.
Мурашы рыхляць зямлю лепш за чарвякоў. Яны капаюць хады на глыбіні да 70 сантыметраў. Грунт змешваецца і ўзбагачаецца карыснымі рэчывамі. Можна заўважыць, што вакол мурашнікаў расліннасць больш густая і здаровая.
Падрыхтаваў Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР.
Читать