Новости Молодечно и Молодечненского района

Вопыт цаной у жыццё

  • 2017-09-25 09:26:21
  • Аляксандр Лазоўскі

Штодня міліцэйскія зводкі поўняцца жудаснымі фактамі такіх ДТЗ: на нерэгулюемым пешаходным пераходзе пад колы аўтамабіля трапіла школьніца; велікагрузная фура насмерць траўміравала веласіпедыста. І вось зусім ужо недарэчны выпадак.

18 верасня ў 22.30 на аўтатрасе Брэст – Мінск – граніца Расійскай Федэрацыі, на тэрыторыі Нясвіжскага раёна, пасля вымушанага прыпынку ў паласе разгону непадалёку ад асветленай аўтастаянкі 30-гадовы пасажыр легкавога аўтамабіля Hyndai Santa Fe не пераканаўся ў бяспецы, выйшаў на праезную частку і трапіў пад колы аўтобуса Neaplan-116, які рухаўся з Мінска ў брэсцкім кірунку. Малады чалавек застаўся ляжаць на праезнай частцы. Пасажыры Hyndai – жанчына і мужчына – пабеглі да пацярпелага, каб аказаць таму дапамогу, і ў гэта імгненне на мужчыну наехаў аўтамабіль Peugeot Partner, якім кіраваў 22-гадовы жыхар Украіны. Жанчына паспела ўхіліцца ад удару. У выніку наездаў двое чалавек – 1987 і 1972 гадоў нараджэння, як пазней стала вядома, жыхары Баранавіч і сваякі – на працягу мінуты загінулі на месцы ДТЗ.

Што прымусіла вадзіцеля легкавога аўтамабіля спыніцца не на стаянцы, а на паласе разгону, а пасажыра – выйсці на праезную частку, цяпер разбіраецца следства. Вядома толькі, што ніхто з людзей, якія знаходзіліся на праезнай частцы, не быў у цёмны час сутак абазначаны «флікерам» альбо іншымі святлоадбівальным элементам.

Колькасць аўтамабіляў на дарогах і вуліцах населеных пунктаў штодня павялічваецца, адпаведна павялічваецца рызыка ўзнікнення ДТЗ. Разам з тым, дысцыпліна і вадзіцеляў, і пешаходаў выклікае трывогу. Людзі грэбуюць нават самым элементарным – не пазначаюць сябе святлоадбівальнымі элементамі, якія ў многіх выпадках здольныя прадухіліць бяду. Спакваля сышла ў нябыт некалі актыўная агітацыйная кампанія «мінус сто», удзел у якой бралі і СМІ, і цэнтральнае міліцэйскае ведамства, і мясцовыя ахоўнікі правапарадку. А дарма: менавіта яна дысцыплінавала ўдзельнікаў дарожнага руху і ў канчатковым выніку спрыяла скарачэнню надзвычайных здарэнняў на беларускіх дарогах. Можа, усім нам варта вярнуцца да мінулага вопыту?