Спадзяёмся, што рэкамендацыі ратавальнікаў дапамогуць жыхарам горада і раёна правесці летні адпачынак без непатрэбных прыгод.
Тануць не трэба
Памятайце, што купацца можна толькі ў спецыяльна дазволеных для гэтага месцах. Ля вадаёма нельга пакідаць дзяцей без нагляду.
Найбольш спрыяльныя ўмовы для купання – яснае, ціхае надвор’е пры тэмпературы паветра ад +25 градусаў і вады не ніжэй за +18 градусаў. Ні ў якім разе не заходзьце ў ваду ў навальніцу!
У час заплываў эканомна расходуйце сілы. Калі плаваеце дрэнна, трымайцеся бліжэй да берага.
Часам у плыўцоў і купаль-шчыкаў узнікае сутарга або яны могуць аказацца паблізу ад віру. Не трэба панікаваць! Пры сутарзе зрабіце глыбокі ўдых і акуніцеся пад ваду з галавой. Моцна ўхапіце рукой вялікі палец і цягніце ступню на сябе, пакуль нага не выпрастаецца цалкам, потым плывіце да берага. Калі віра не мінуць, набярыце больш паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы рывок у бок плыні, усплывіце на паверхню.
Калі вы пачалі тануць, трэба супакоіцца, перавярнуцца на жывот або на спіну, раскінуць як мага шырэй рукі і ногі.
Аматарам плавання і купання забараняецца:
- заплываць за буйкі або пераплываць вадаёмы;
- купацца ў нецвярозым стане;
- падаваць ілжывыя сігналы бедства;
- далёка адплываць ад берага на надзіманых матрацах і кругах, калі не ўмеюць плаваць;
- скакаць у ваду з дамбаў, прыстаняў, катараў, лодак, плытоў;
- выкарыстоўваць для плавання дошкі, бярвёны, надзіманыя матрацы, камеры аўтамашын і іншыя дапаможныя сродкі.
«Ручное» вогнішча
Згодна з правіламі пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, раскладаць агонь можна толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах — удалечыні ад будынкаў, лесу ці сціртаў саломы. Калі нічога з пералічанага паблізу няма, вы гатовы сачыць за агнём і пад рукой ёсць вогнетушыцель або вядро з вадой, значыць, вы ўсё робіце правільна. Агонь можна раскладаць не бліжэй за 10 метраў ад пабудоў, 20 – ад лесу і 30 – ад саломы. Мангал або грыль устанаўліваюць, як мінімум, на адлегласці 4 метраў ад дома.
Пакідаючы месца адпачынку, абавязкова патушыце агонь. Калі паблізу няма вады, старанна засыпце яго зямлёй. Не адыходзьце ад агню, пакуль вуглі не загаснуць.
Падрыхтаваў Алег БЯГАНСКІ.