Перад рэйдам кароткая нарада ў будынку Дубраўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Члены рэйдавай групы звяраюць адрасы, куды завітаюць, удакладняюць іншую інфармацыю.
— Сёння наша мэта – наведаць сем’і, якія адносяцца да групы рызыкі, — гаворыць старшыня Аляхновіцкага сельвыканкама Ганна Фурс. – Сярод іх адзінокія пенсіянеры і тыя, хто жыве адзін, сем’і, у якіх жывуць інваліды, а таксама мнагадзетныя, асобы, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў ці якія злоўжываюць спіртным, вядуць асацыяльны лад жыцця… Усе яны патрабуюць асаблівай увагі. Прычым кантроль найбольш важны ў халодны перыяд года, калі рызыка пажараў узрастае.
Ганна Сяргееўна дадала, што прафілактыка дае вынікі. Колькасць пажараў і іншых надзвычайных сітуацый на тэрыторыі сельсавета змяншаецца. Жыхары населеных пунктаў разумеюць небяспеку, таму прадпісанні супрацоўнікаў ГРАНС выконваюць. На жаль, гэтага не скажаш пра дачнікаў. У ваколіцах Аляхновіч дзясяткі садовых таварыстваў. Значная доля парушэнняў правілаў супрацьпажарнай бяспекі фіксуецца менавіта там.
Рэйд пачынаецца з дома, дзе сям’я даглядае ляжачага інваліда.
Тут дзве печы, прычым прапальваецца адна. Яе стан нармальны. Трэба толькі паправіць дзверцы, каб яны не хісталіся. Ратавальнікі тлумачаць гаспадарам правілы эксплуатацыі ацяпляльных прыбораў.
Па наступным адрасе печка спраўная, аднак электраправодка манціравалася вельмі даўно і не адпавядае сучасным патрабаванням. Затое жыхары самі паклапаціліся пра сваю бяспеку і купілі аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Члены камісіі робяць запісы ў спецыяльны журнал. На развітанне настойліва раяць жыхарам не курыць у памяшканнях (аб тым, што так адбываецца, сведчаць акуркі ў пакоях).
У той дзень рэйдавая група пабывала яшчэ ў некалькіх дамах.
— У час такіх рэйдаў правяраем стан супрацьпажарнай бяспекі падворкаў. Тлумачым людзям карысць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, звяртаем увагу на недахопы. Усё гэта дапамагае зменшыць рызыку ўзнікнення пажару, — падкрэсліў галоўны спецыяліст інспекцыі нагляду і прафілактыкі Маладзечанскага ГРАНС Андрэй Кайко.
У час, калі рэйдавая група абыходзіла падворкі Дубрава, у мясцовым навучальна-педагагічным комплексе праходзіў урок па правілах бяспечных паводзін. Праводзіла заняткі інспектар групы прапаганды і навучання Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Валянціна Сопат.
На ўроку размова ішла не толькі пра тое, як не стаць ахвярай агню. Спецыяліст тлумачыла, чаму нельга знаходзіцца на вадаёмах зімой, што трэба ведаць, каб не заблудзіцца ў лесе, як пазбегнуць бытавых траўм.
— Калі правілы бяспечных паводзін тлумачыць прафесійны ратавальнік, яны засвойваюцца вельмі добра. Дзецям заўсёды цікава на такіх сустрэчах. Таму супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і падраздзяленняў МНС дае станоўчы вынік, — адзначыў выкладчык комплексу Юрый Капцюг.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.