У пачатку 2016-га адбылося 10 трагічных здарэнняў.
Штогод у час падлёднай рыбалкі ў нашай краіне гіне 80-90 чалавек, большасць з іх (да 80 працэнтаў) знаходзіцца ў нецвярозым стане.
— Каб не дапусцiць падобных выпадкаў, неабходна захоўваць пэўныя правілы, — заўважае старшыня раённай арганізацыі Асвод Аляксандр Семашкевіч. — Перш чым ступіць з берага на лёд, неабходна ўважліва агледзецца і выбраць найбольш небяспечны шлях. Паверхню на трываласць трэба правяраць пешняй або калом, а не ўдарам нагі. Памятайце, што самы моцны лёд празрысты, з зеленаватым адценнем, таўшчынёй не менш за сем сантыметраў; малочнага колеру — у два разы слабейшы, а самы небяспечны – наздраваты.
Калі вы не ўпэўнены ў трываласці покрыва, кіньце на яго некалькі доўгіх і моцных жардзін – яны могуць паслужыць пэўнай гарантыяй вашай бяспекі. Першым павінен ісці самы вопытны чалавек, астатнія рухаюцца па яго слядах адзін за адным, а не гуртам. Асабліва асцярожнымі неабходна быць у месцах, пакрытых тоўстым слоем снегу, хуткага цячэння і крыніц, паблізу травы і кустоў, якія выступаюць над вадой. Абсалютна любы лёд становіцца ненадзейным у адлігу.
— Пры неабходнасці пера правіцца праз небяспечнае месца абвяжыце вакол пояса шнур так, каб ён цягнуўся па зямлі. Рухайцеся з шастом, трымаючы яго паралельна лёду, — працягвае Аляксандр Арсеньевiч. — Калі раптам лёд трэсне, не панікуйце. Асцярожна ляжце і адпаўзіце ў бяспечнае месца. Ні ў якім разе не выязджайце на аўтамабілі на скаваныя марозам вадаёмы. Аматарам падлёднай рыбалкі не трэба рабіць шмат лунак паблізу адна ад адной.
Неабходна таксама памятаць, што першы лёд вельмі слізкі. Таму варта паклапаціцца аб зручным абутку. Лепш рухацца малымі крокамі, па магчымасці не адрываць ногі ад паверхні.
Будзьце асцярожнымі, калі давядзецца дапамагаць чалавеку, які праваліўся пад лёд. Ведайце, што без сур’ёзных наступстваў для здароўя ў ледзяной вадзе можна знаходзіцца 5-7 мінут. Набліжацца да пацярпелага варта толькі паўзком, абапіраючыся на дошку, лыжы, жардзіну.
Тым часам сіноптыкі прагназуюць зменлівае надвор’е з маразамі і адлігамі…
Ірына РАБУШКА