Сярод супрацоўнікаў падраздзяленняў фінансаў і тылу міліцыі Міншчыны лепшым быў прызнаны начальнік фінансавай часткі Ігар Пархімовіч, сярод участковых інспектараў — Сяргей Амінаў, сярод супрацоўнікаў ізалятараў часовага ўтрымання — Аляксандр Абрамчык. Такім чынам, пераходны прыз генерал-маёра Генадзія Пукава, якім за найвышэйшыя поспехі ў аператыўна-службовай дзейнасці ўзнагароджваюцца райаддзелы міліцыі цэнтральнага рэгіёна Беларусі, цяпер знаходзіцца ў нашым горадзе.
Заслужыць давер грамадзян
— Мінулы год для аддзела быў даволі напружаным, — гаворыць начальнік Маладзечанскага РАУС Валянцін Асіповіч. – Горад як культурная сталіца краіны прымаў вялікую колькасць гасцей. Праводзілася шмат масавых мерапрыемстваў. Міліцыянеры не дапусцілі значных парушэнняў грамадскага парадку, утрымалі крымінагенную сітуацыю пад кантролем. У знак прызнання нашых поспехаў святкаванне стагоддзя беларускай міліцыі на абласным узроўні будзе праходзіць менавіта ў Маладзечне.
Як падкрэсліў Валянцін Пятровіч, насельніцтва аказвае значную дапамогу ў барацьбе са злачыннасцю, таму для супрацоўнікаў праваахоўных органаў вельмі важна заслужыць давер людзей. Аб тым, што гэта атрымліваецца, сведчаць вынікі маніторынгу грамадскай думкі.
Генерал-маёр Генадзій Пукаў, у гонар якога заснаваны пераходны хрустальны кубак, узначальваў упраўленне ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама з 1970-га па 1985 год. Ён прысвяціў службе ў органах МУС звыш 40 гадоў. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне.
Маладзечанскі РАУС атрымліваў узнагароду ў 2011, 2014 і 2016 гадах.
Пачуць чалавека
— Вельмі ганаруся работай сваіх калег і ўсяго аддзела, — гаворыць старшы аператыўны дзяжурны РАУС Віктар Мандрык. – Служыць у праваахоўных органах – гэта значыць, адказна ставіцца да службовых абавязкаў і заўсёды дапамагаць грамадзянам. Ад аператыўнага дзяжурнага ў многім залежыць раскрыццё злачынства па гарачых слядах.
Усяго за суткі на лінію 102 паступае каля 150 званкоў. Найчасцей грамадзяне паведамляюць пра сямейныя скандалы, крадзяжы, дарожна-транспартныя здарэнні. Большасць заяў пра крадзяжы веласіпедаў прыпадае на цёплую пару года, крадзяжы з дачных участкаў — зімой. Ва ўсіх выпадках міліцыянеры дзейнічаюць прафесійна і аператыўна.
Злачынства лепш папярэдзіць
На думку начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Андрэя Грабёнкіна, злачынства, як і хваробу, лепш папярэдзіць. Эфектыўныя прафілактычныя меры дазваляюць палепшыць крымінагенную абстаноўку, захаваць маёмасць грамадзян і суб’ектаў гаспадарання, пазбегнуць многіх трагедый.
— На ўліку ў РАУС знаходзіцца каля 500 грамадзян, з якімі штомесяц праводзіцца прафілактычная работа, — адзначыў Андрэй Францавіч. – Міліцыянеры наведваюць сямейных хуліганаў, асоб, якія злоўжываюць спіртным або парушаюць грамадскі парадак. Здараецца, што трэба прымаць больш рашучыя меры. Так, летась у лячэбна-працоўныя прафілакторыі было накіравана 108 чалавек. Дзякуючы ахоўным прадпісанням у многіх сем’ях спынена бытавое насілле.
Апора на калектыў
Вольга Рабкова стала начальнікам штаба ў чэрвені 2015-га. Работа яе падраздзялення адзначана кіраўніцтвам УУС Мінскай вобласці.
— Без дапамогі калег дасягнуць такіх вынікаў было б цяжка, — падкрэсліла субяседніца. – Служба ў міліцыі – гэта штодзённая карпатлівая праца. Адна з асноўных задач штаба — каардынацыя дзейнасці РАУС. Дзякуючы эфектыўнаму аналізу і планаванню работы падраздзяленняў летась на тэрыторыі раёна знізілася колькасць правапарушэнняў у грамадскіх месцах, злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, зменшылася рэцыдыўная злачыннасць.
Словам і справай
«Маладзечанская газета» рэгулярна асвятляе дзейнасць супрацоўнікаў органаў правапарадку. Таму вельмі прыемна, што кіраўніцтва міліцыі Мінскай вобласці адзначыла і работнікаў нашага выдання. Падзяку за асвятленне і прапаганду дзейнасці міліцыі Міншчыны, плённае супрацоўніцтва ў пытаннях прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў атрымалі Алег Бяганскі і Аляксей Платко.