У рэйдзе ўдзельнічалі інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі Маладзечанскага ГРАНС Юлія Крывецкая і інспектар групы навучання і прапаганды Валянціна Сопат. Супрацоўнікі МНС праверылі камбайны і аўтамабілі, якія будуць задзейнічаны на ўборцы, а таксама зернесушыльны комплекс.
— Усе камбайны павінны быць укамплектаваныя першаснымі сродкамі пажаратушэння, такімі, як вогнетушыцель, пясок, спецыяльнае палатно, — адзначыла Юлія Крывецкая. — Да зернесушыльных комплексаў патрабаванні яшчэ большыя. На іх тэрыторыі неабходна размясціць пажарныя шчыты, гідранты, абсталяваць пажарны вадаём, убраць гаручыя матэрыялы, у час уборачнай кампаніі выконваць супрацьпажарны рэжым. Мы нагадваем, што пажар сам па сабе не ўзнікае. Ён з’яўляецца следствам халатнасці або бяздзейнасці.
З гэтым згодны галоўны інжынер аграфірмы Аляксандр Моклы. Ён падкрэсліў, што ў гаспадарцы поўнасцю падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі. Тэхніка ўкамплектаваная ўсімі неабходнымі сродкамі пажаратушэння. Работнікі забяспечаны спецвопраткай і прайшлі адпаведны інструктаж.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.