Кожны недахоп ці парушэнне ў домаўладанні, які тычыцца бяспекі, адзначаецца супрацоўнікам МНС у адпаведных картках. Гаспадару падрабязна тлумачаць, што трэба зрабіць, каб у доме ніколі не ўзнік пажар. Жыхары населеных пунктаў разумеюць небяспеку, таму адпаведныя рэкамендацыі супрацоўнікаў ГРАНС выконваюць.

Радуе позірк чысціня ў дварах, пабеленыя і атынкаваныя коміны, спраўныя печы і электраправодка. Але, на жаль, ёсць і такія дарослыя, якія не сочаць за спраўнасцю печаў і электраправодкі. Акрамя гэтага, у даступным для дзяцей месцы кідаюць запалкі і цыгарэты. Тады з бацькамі праводзіцца прафілактычная размова аб недапушчальнасці такіх дзеянняў. У домаўладаннях, дзе жывуць дзеці, кожная небяспечная рэч павінна ляжаць там, куды яны не змогуць дабрацца. Запалкі, запальніцы, лекі, вострыя прадметы, бытавую хімію трэба хаваць ад малых.

Звычайна пажар узнікае раптоўна. Прычынай можа стаць няспраўная печ, уключаны ў сетку электрапрыбор, кінуты на падлогу акурак. Кожнаму гаспадару супрацоўнікі Маладзечанскага ГРАНС тлумачаць, што рабіць, калі пажар усё ж здарыўся. Не трэба хвалявацца. Адразу неабходна тэлефанаваць па нумарах 101 або 112, адключыць усе электрапрыборы і паспрабаваць самастойна патушыць узгаранне. Калі гэта не атрымліваецца, трэба бегчы на вуліцу, шчыльна зачыніўшы за сабой вокны і дзверы. На вуліцы сустрэць ратавальнікаў і растлумачыць, што здарылася.
Буклеты з прафілактычнай інфармацыяй, пакінутыя супрацоўнікамі гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях у кожным доме, будуць нагадваць жыхарам аб правілах пажарнай бяспекі.
Тэкст і фота: МАЛАДЗЕЧАНСКІ ГРАНС.