Праходзілі вучэнні на возеры ў Насілаве. У іх былі задзейнічаны супрацоўнікі Маладзечанскага ГРАНС, пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, прадстаўнікі Асвода. Асноўная мэта — адпрацаваць дзеянні пры выратаванні чалавека, які праваліўся пад лёд.
Са сваёй задачай супрацоўнікі МНС справіліся выдатна. За лічаныя хвіліны яны дасталі ўмоўнага пацярпелага з палонкі, паклалі на спецыяльны плыт, які можа выкарыстоўвацца як насілкі, аказалі першую медыцынскую дапамогу.
За дзеяннямі ратавальнікаў назіралі рыбакі. Усе яны атрымалі памяткі з правіламі паводзін на лёдзе. Некаторыя аматары зімовай рыбалкі і самі раней траплялі ў падобную сітуацыю.
Внимание: Лёд становится опасным и меняет цвет
— Каля 8 гадоў таму ў час падлёднай рыбалкі я праваліўся ў ваду, — расказаў сваю гісторыю маладзечанец Канстанцін Сударэнка. — Спачатку была паніка. Потым успомніў, як трэба дзейнічаць. Супакоіўся, выкаціўся на лёд. На беразе пастараўся як мага хутчэй сагрэцца. Так на сваім вопыце пераканаўся, што правілы бяспекі на вадаёмах павінен ведаць кожны.
Рыбалоў-аматар Віктар Апяцёнак асабіста выратаваў чалавека, які праваліўся ў палонку на Вілейскім вадасховішчы.
Па словах старшыні раённай арганізацыі Асвод Аляксандра Семашкевіча, аматары падлёднай рыбалкі павінны быць асабліва асцярожныя ў час адлігі. Пры павышэнні тэмпературы на вадаёмах утвараюцца прамыіны. Таўшчыня лёду змяншаецца. Верагоднасць няшчасных выпадкаў павялічваецца. Гэта неабходна нагадаць і непаўналетнім, якія ладзяць на рэках і азёрах хакейныя баталіі. Трэба памятаць таксама, што спіртное і адпачынак на вадаёмах несумяшчальныя! П’яны чалавек не ацэньвае адэкватна сітуацыю, таму можа патануць або замерзнуць.
А. Семашкевіч нагадаў, што летась на кар’еры ля Маросек праваліўся пад лёд і загінуў чалавек.
— Лёд на вадаёмах Маладзечаншчыны інтэнсіўна растае, — адзначыў начальнік гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Грынь. – Таму ратавальнікі вырашылі нагадаць людзям асноўныя правілы паводзін на лёдзе. Праводзяцца прафілактычныя рэйды. Адпаведная інфармацыя даводзіцца да юных жыхароў горада і раёна. Галоўнае ў рабоце супрацоўнікаў МНС – захаваць жыцці людзей.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.