Па легендзе, пажар узнік на другім паверсе навучальнай установы. Агонь «распаўсюджваўся» хутка. Ён перакрыў адзін са шляхоў эвакуацыі, у выніку чаго настаўнік і вучань аказаліся заблакіраванымі ў будынку. Іх жыццю пагражала небяспека. Перад ратавальнікамі стаяла задача лакалізаваць узгаранне, знайсці пацярпелых і даставіць іх у бяспечнае месца. А перад гэтым гімназістаў трэба было эвакуіраваць.
І вось у вызначаны час гучаць тры доўгія званкі. Дырэктар гімназіі Ала Ярашэвіч па лініі 101 паведамляе пра надзвычайнае здарэнне. Настаўнікі і вучні без панікі і мітусні пакідаюць вучэбныя класы. Дзеці і дарослыя дзейнічаюць па інструкцыі: выкарыстоўваюць розныя выхады, закрываюць твары тканінай (так можна засцерагчыся ад дыму). За некалькі хвілін каля 500 чалавек сабраліся на спартыўнай пляцоўцы ўдалечыні ад месца ўмоўнага пажару.
Адначасова праводзяць аперацыю ратавальнікі, якія аператыўна прыбылі на месца здарэння. Супрацоўнікі ГРАНС размотваюць і злучаюць пажарныя рукавы, пракладваюць трубаправод, іншыя шукаюць «пацярпелых». Знаходзяць іх у адным з класаў на першым паверсе. Даросламу і дзіцяці надзяваюць спецыяльныя маскі і выводзяць на вуліцу. За ходам вучэнняў сочыць начальнік гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Грынь.
-- У цэлым вучэбная эвакуацыя прайшла паспяхова, -- падсумаваў вынікі трэніроўкі Вячаслаў Анатольевіч. – Настаўнікі і тэхнічны персанал дзейнічалі зладжана. Яны выводзілі дзяцей хутка, пры гэтым пазбягалі зоны задымлення. Адпрацоўка дзеянняў на выпадак пажару або іншых надзвычайных сітуацый -- неад’емная частка вучэбнага працэсу. Гэта вельмі важна, бо ў рэальных абставінах ад дысцыплінаванасці і ўмення правільна ацаніць абстаноўку залежыць чалавечае жыццё.
Па словах Алы Ярашэвіч, у гімназіі асновам бяспекі жыццядзейнасці надаецца вялікая ўвага. Для гэтага распрацаваны шэраг мерапрыемстваў. Дзеці вучацца, што рабіць у надзвычайных сітуацыях. У навучальнай установе створана і дзейнічае добраахвотная пажарная дружына, рэгулярна праводзяцца ўрокі па грамадзянскай абароне.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.