— Прадпрыемства абслугоўвае каля 812 кіламетраў дарог мясцовага значэння ў Маладзечанскім раёне і 243 кіламетры вуліц у сельскіх населеных пунктах, — паведаміў Андрэй Паўлавіч. – Спецыялісты падтрымліваюць дарогі ў належным стане, рамантуюць асобныя ўчасткі, добраўпарадкоўваюць і рэканструююць аўтобусныя прыпынкі, у зімовы перыяд чысцяць праезную частку ад снегу і г.д.
Ачыстка ад смецця паласы адводу — таксама ў абавязках дарожнікаў. Аднак некаторыя людзі ператвараюць яе ў сапраўдную звалку. Яны пакідаюць ля дарогі або на прыпынках бутэлькі, пакеты, іншыя непатрэбныя рэчы. Праблема забруджвання найбольш актуальная ля садовых таварыстваў, некаторых вёсак і прадпрыемстваў. Так, вялікая колькасць смецця скопліваецца на аўтобусных прыпынках ля вёскі Гай (дарога Ракаў – Караблі — Хажова) і насупраць птушкафабрыкі (дарога Радашковічы – Аляхновічы — Гарадок). Убіраць несанкцыянаваныя звалкі і вывозіць смецце даводзіцца работнікам ДРБУ.
Галоўны інжынер заклікаў жыхароў і гасцей Маладзечаншчыны з павагай ставіцца да работы дарожнікаў. Навошта пакідаць бытавыя адходы на прыпынках або выкідаць іх на абочынах, калі ва ўсіх населеных пунктах і садовых таварыствах абсталяваны кантэйнерныя пляцоўкі для збору смецця? Дарэчы, урны на прыпынках устанаўліваюцца выключна для таго, каб імі карысталіся пасажыры грамадскага транспарту.
— Каб прыцягваць да адказнасці парушальнікаў, плануецца выкарыстоўваць мабільныя камеры фотафіксацыі («фотапасткі»). Штраф за пашкоджанне або забруджванне аўтамабільнай дарогі ці іншага дарожнага збудавання складае ад дзвюх да пяці базавых велічынь (арт. 18.35 КаАП Рэспублікі Беларусь), — падкрэсліў Андрэй Карповіч.
Фота з архіва ДРБУ-195 зроблена на аўтобусным прыпынку ля вёскі Такарэўшчына.