У двары дома №18 па вуліцы Маладзёжнай ветрам паваліла дрэва. Ды так, што накрыла аўтамабіль, які пад ім быў прыпаркаваны. Гаспадар машыны патэлефанаваў па нумары 101. Ратавальнікі ПАВЧ №1 на чале з камандзірам каравула Уладзіславам Шутом хутка вызвалілі аўто з палону. Гаспадару пашчасціла: абышлося без сур’ёзных пашкоджанняў машыны. А каб не?
Два пытанні ў тэму
У якія службы звяртацца па дапамогу ў такой сітуацыі?
Па словах намесніка начальніка Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніса Ушацкага, калі дрэва павалілася на маёмасць (машыну, прычэп, хлеў, гараж і г.д.), трэба тэлефанаваць па нумары 101. Калі яно перакрыла дарогу — гэта работа для дарожных службаў.
Ці прадугледжаны фінансавыя выплаты, калі аўтамабіль пашкоджаны?
Як паведамілі ў Маладзечанскім аддзяленні страхавой кампаніі Белдзяржстрах, уладальнік транспарту атрымае фінансавую кампенсацыю ў выпадку, калі ў яго заключаны дагавор КАСКО (юрыдычны тэрмін з міжнароднай прававой сістэмы), які страхуе аўтамабіль ад любога ўрону.
Памятайце, што пры моцным ветры трэба:
прыняць гаспадарчыя рэчы з двара і балконаў, зрэзаць сухія дрэвы, каб яны не пашкодзілі вашу маёмасць;
машыну паставіць у гараж, не паркаваць яе пад дрэвамі і побач з дрэнна замацаванымі канструкцыямі;
абыходзіць дамы з няўстойлівым дахам;
пазбягаць збудаванняў павышанай рызыкі: мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадач, патэнцыяльна небяспечных прамысловых аб’ектаў.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.