Нядаўна ў дзіцячым садзе №7 «Казка» адбылося свята, прысвечанае правілам дарожнага руху. Пабываў на ім і дзяржаўтаінспектар Сяргей Бартош. Ён нагадаў, як правільна пераходзіць дарогу, катацца на веласіпедзе і самакаце.
На свята завіталі і прадстаўнікі апорнага пункта аховы правапарадку (АПАП) «Усходні» на чале са старшынёй, намеснікам начальніка арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Алесяй Емяльянчык.
— На замацаванай за намі тэрыторыі знаходзяцца дзве ўстановы адукацыі – «Казка» і СШ №14. Актывісты апорнага пункта — прадстаўнікі райвыканкама, РАУС, ЖРЭУ №6, СШ №14 – часта бываюць у дзіцячых калектывах, ладзяць асветніцкія мерапрыемствы і акцыі, — заўважае Алеся Барысаўна. — Таксама ў мікрараёне «Усходні» жыве шмат маладых сем’яў. Нярэдка даводзіцца дапамагаць ім вырашаць канфлікты.
Ёсць і нядобранадзейныя бацькі, абавязаныя па Дэкрэце №18, неплацельшчыкі аліментаў. Апошнім часам асабліва актуальнымі сталі крадзяжы асабістых рэчаў з аўтамабіляў, а таксама веласіпедаў, якія гаспадары пакідаюць на лесвічных пляцоўках (за гэта, дарэчы, прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь). Таму праводзім тлумачальную работу.
Апорны пункт аховы правапарадку «Усходні» плённа супрацоўнічае з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, з пракуратурай Маладзечанскага раёна. Іх прадстаўнікі таксама пабывалі на свяце ў дашкольнікаў. Госці ўручылі дзецям падарункі і пажадалі ім далейшага цікавага падарожжа па краіне ведаў.
Бяспека дзяцей – гэта справа агульная. На пытанне да загадчыцы сада Алены Платонавай, чаму самаму галоўнаму павінны навучыць сваіх сыноў і дачок мамы і таты, яна адказала:
— Быць для іх узорам паводзін як у захаванні правілаў дарожнага руху, так і ўвогуле па жыцці.
Больш падрабязна -- у "Маладзечанскай газеце" за суботу, 28 ліпеня.