Мерапрыемства, якое падрыхтаваў Маладзечанскі ГРАНС, праходзіла на базе санаторыя «Сасновы бор».
Начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Максім Шышканаў нагадаў прысутным, што асноўнымі прычынамі надзвычайных здарэнняў у аграрнай галіне Міншчыны сёлета былі дрэнны стан электраабсталявання сельскагаспадарчай тэхнікі, адсутнасць сродкаў тушэння пажараў, фармальны падыход да супрацьпажарных інструктажаў, п’янства на вытворчасці і г.д.
— Як паказалі праверкі, вакол некаторых ферм і элеватараў сухая трава не абкошваецца, на многіх аб’ектах выкарыстоўваюцца «буржуйкі». Бывае, што ў вытворчых памяшканнях жывуць людзі. Усё гэта можа прывесці да трагічных наступстваў, — падкрэсліў М. Шышканаў.
Ён таксама зазначыў, што супрацоўнікі МНС заўсёды гатовы дапамагчы аграрыям. Так было і ў час цыклона Даніэла (у студзені), і пасля моцнага ветру 13 ліпеня. Каб надалей зменшыць наступствы прыроднай стыхіі, у вобласці набыты 15 генератараў. А своечасова выяўляць ачагі пажараў дапамагае беспілотны лятальны апарат. Ён таксама выкарыстоўваецца для пошуку людзей, якія заблудзіліся ў лесе.