Новости Молодечно и Молодечненского района

За горкай схавалася Схоліна…

  • 2021-02-01 07:54:19
  • Анжаліка Крупянькова

Яна знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Маладзечна, непадалёк ад мяжы са Смаргонскім раёнам. Сёння тут усяго 12 пастаянных жыхароў, а найбольшая іх колькасць – 204 — па сведчанні кнігі «Памяць» была ў 1969 годзе. У 1861-м тут быў ветраны млын.

Нашымі гідамі па гэтай аддаленай вёсачцы сталі мясцовы жыхар былы механізатар сельгаспрадпрыемства «ЯхімоўшчынаАгра» Юльян Канановіч, яго стрыечная сястра ўраджэнка Схоліна, цяпер маладзечанка Аляксандра Захарэўская (у дзявоцтве Боган), ураджэнка суседніх Кабылак (цяпер Зоранька), жыхарка Груздава былы намеснік старшыні сельгаспрадпрыемства «Палачаны» Ніна Станевіч.

Адзін са старэйшых жыхароў Схоліна наш пастаянны падпісчык Юльян Канановіч.

Адкуль назва?

У кнізе «Памяць» указваецца, што ў канцы XVIII стагоддзя вёска была вядомая пад назвай Охоліна. Настаўнік геаграфіі Палачанскай СШ Юрый Мяцельскі, які склаў даведнік «Назвы зямлі маладзечанскай. Айконімы», расказаў, што беларускія тапанімісты, да якіх ён звяртаўся, пацвердзілі: Охоліна пазначана на карце Шуберта XIX стагоддзя. На іх думку, хутчэй за ўсё такая назва ўзнікла з-за памылкі друку. Юрый Міхайлавіч мяркуе, што назва паходзіць ад слова схоў – сховішча, бо вёска нібыта схавалася за высокімі ўзгоркамі. Па іншай версіі, яна ўтварылася ад слова схол (склон, схіл), бо вёска размешчана на схіле ўзгорка.

Схолінцы расказваюць, што ў старажытнасці гэтыя землі належалі пану, а яго дачку звалі Халіна, Холька (адсюль і Охоліна), якая з-за няшчаснага кахання павесілася на старой ігрушы непадалёк ад вёскі. Яшчэ адзін варыянт: зямля тут была «ухоженная», «холёная». І апошні: за кіламетр ад Схоліна, ва ўрочышчы Цагельня, знаходзіцца курганны могільнік (схоў), на якім па розных даных ад шасці да дванаццаці курганоў. Пра яго, дарэчы, указана і ў кнізе «Памяць».

Легенды і былі

Захавалася старадаўняя легенда пра тое, што за вёскай у нізіне быццам бы цякла рэчка. Але аднойчы ў ёй утапілася дзіця цыганкі, і няшчасная маці заваліла валуном крынічку, якая сілкавала раку.

Юльян Канановіч расказаў трагічную быль: у гады вайны ў Калінавым рове ў лесе ля вёскі карнікі забілі схолінцаў Аляксандра Карповіча і Дзям’яна Траскевіча, прыняўшы іх за партызан.

Дружныя, працавітыя, вясёлыя

— Што вылучае вашу вёску сярод іншых? – пытаюся ў сваіх субяседнікаў.

— Людзі ў нас вельмі працавітыя, дружныя, заўсёды прыходзілі адзін аднаму на дапамогу. Здаўна ў Схоліне жылі Канановічы, Боганы (раней непадалёк быў хутар з такой назвай, які аб’ядналі з вёскай), Карповічы, Траскевічы, Марозы, Сушы, Лебядзевічы. Многія працавалі ў калгасе «Камсамолец», які потым увайшоў у склад саўгаса «Яхімаўшчызна».

Жыў у вёсцы выдатны каваль Аляксандр Боган — бацька Аляксандры Захарэўскай.

— Тата быў майстрам на ўсе рукі. Памятаю, зламалася ў мяне шпілька ў туфлі — ледзь не плачу, абутак жа дарагі. Тата мяне супакоіў, адрамантаваў абцас, доўга яшчэ туфлі тыя насіла, — прыгадвае маладосць наша чытачка.

Яе маці Агата была добрай кулінаркай, пякла смачны хлеб, радня прасіла ў яе спячы каравай на вяселле.

Цяга да навукі

Аляксандра Аляксандраўна – педагог, працавала ў школах раёна, у канцы 1960-х была першым сакратаром райкама камсамола. Сваёй першай настаўніцы Схолінскай пачатковай школы Любові Шарак яна ўдзячная за прыгожы почырк, а матэматыку Літвянскай школы Фёдару Чаплінскаму – за добрыя веды па яго прадмеце. Брат Аляксандры Захарэўскай Мікалай Боган разам са стрыечным братам
Пятром Боганам аднымі з першых схолінцаў атрымалі вышэйшую адукацыю. Мікалай быў марскім афіцэрам, Пётр узначальваў пажарную службу ў Барысаве. Педагогамі сталі сёстры Аляксандры Тамара Сарока і Надзея Карповіч, абедзве настаўніцы матэматыкі.

Сярод вядомых у наваколлі схолінцаў – Алена Шаломская, якая шмат гадоў працуе галоўным аграномам у сельгаспрадпрыемстве «ЯхімоўшчынаАгра».

Вучні Літвянскай школы, сярод якіх ёсць і схолінцы.

Пятрук іграў на скрыпцы, Ванечка – на гармоніку

— Першы ў нашай вёсцы тэлевізар у 1961 годзе з’явіўся ў Фёдара Богана, — успамінае Юльян Канановіч. – Федзя лавы парабіў, каб усім месца хапала, хадзілі да яго, як у клуб, глядзелі ўсё, што ішло.

Клуб, дарэчы, пазней пабудавалі. А да гэтага моладзь па чарзе танцавала ў хатах, дзе былі дзяўчаты на выданні. А хлопцам трэба было забяспечыць музыкантаў. На скрыпцы для старэйшага пакалення іграў Пятрук Канановіч, затым падрос і іграў на гармоніку, на баяне таленавіты музыкант Іван Канановіч (мясцовыя яго з любоўю называюць Ванечкам). Яго ведаў увесь наш раён. Ён быў дырыжорам ваеннага аркестра, служыў у Афганістане. На жаль, у мінулым годзе Іван Канановіч пайшоў з жыцця. Прыгожа спявалі яго маці Еўдакія Канановіч, а таксама Марыя Боган, Соф’я Канановіч.

— Мы любілі са сваіх Кабылак у Схоліна на танцы хадзіць, — прыгадвае юнацтва Ніна Станевіч. – Вяртаемся, бывала, пад раніцу, ля крайняга дома са студні бляшанку з малаком выцягнем, нап’ёмся — і далей пайшлі…

На гары Абдзіранцы штаны праціралі

Успамінаюць мясцовыя жыхары снежныя зімы свайго дзяцінства, як коўзаліся з высокай гары Абдзіранкі, а бацькі сварыліся за працёртыя штаны… Лыжы мелі самаробныя, як і канькі: да «дзеравяшак» прымацоўвалі драты, на іх і каталіся па сажалках.

— Пазней мне сапраўдныя лыжы купілі, і я так налаўчылася па нашых гарах катацца, што ў педвучылішчы з фізруком спаборнічала, нават разрад па іх атрымала, — з усмешкай гаворыць Аляксандра Аляксандраўна.

«Вазьмі дэнку, парэж памідоры!»

Мясцовыя жыхары прыгадваюць самабытныя слоўцы, характэрныя для іх мясцовасці. Дэнкай, напрыклад, называлі, днушку, на якой наразалі хлеб ці што іншае. Зэдлік – нізкае крэсліца, пранік – драўляны «прас», якім адбівалі суровае палатно. Драбінамі называлі не толькі лесвіцы, але і драўляныя калёсы, у якія запрагалі каня (іх бакі па форме нагадвалі драбіны).

— А яшчэ ў нас замест «добра» ўжывалі «файна» і ніколі не гаварылі «ёсць» — толькі кароткае, але такое важкае «ё», — успамінаюць мае субяседнікі.

У родных сценах дыхаецца лягчэй

«Наш чалавек!» — першае, што я падумала, калі пераступіла парог хаты Юльяна Канановіча і ўбачыла на сцяне каляндар «Маладзечанскай газеты». Стос свежых нумароў «МГ» ляжаў на стале побач з акулярамі. Як прыемна, што ў глыбінцы ў нас ёсць падпісчыкі, а значыць, і верныя сябры!

— Каб не газета, тэлевізар ды тэлефон, сумна было б зімаваць. Раней вёска вялікая была, у кожнай хаце — сям’я, дзеці, статак у поле ганялі ў 60 кароў. Цяпер мала нас засталося, усё больш дачнікі дамы купляюць, — гаворыць Юльян Антонавіч.

У яго хаце цёпла, чыста і ўтульна, на падворку – невялікая гаспадарка: куры, сабака, кот. Мае ўласны трактар, машыну, на якой, калі трэба, ездзіць у горад. Расказвае, што раней у вёсцы быў магазін, у якім доўга працавала Марыя Парфяновіч, цяпер прыходзіць аўтакрама.

15 лютага Юльяну Антонавічу споўніцца 75 гадоў, ён адзін са старэйшых жыхароў вёскі. Успамінае, што дзяцінства яго было цяжкім: маці Серафіма Іванаўна адна гадавала яго і сястру Кацярыну. У 12 гадоў Юлісь (так на вясковы манер звалі яго ў вёсцы) ужо касіў і араў нараўне з дарослымі. Пачатковую школу закончыў у сваёй вёсцы. У адным пакоі вучыліся ўсе тры класы, настаўніцай была Серафіма Лебядзевіч. Затым за тры кіламетры хадзіў з равеснікамі ў Літвянскую школу. Год вучыўся ў Свірскім вучылішчы на трактарыста, разам з аднавяскоўцам Вацлавам Ціхановічам стаў адным з першых трактарыстаў у мясцовым калгасе «Камсамолец», старшынёй якога быў Канстанцін Барэйка. У час пасяўной суткамі араў на гусенічным трактары, бо замены яму не было. У арміі Юльян закончыў вадзіцельскія курсы, 39 гадоў адпрацаваў механізатарам, вадзіцелем у сельгаспрадпрыемстве «ЯхімоўшчынаАгра». Яго жонка Марыя родам з Лужка, працавала ў будаўнічай брыгадзе, узводзіла магазін у Яхімоўшчыне. Там і пазнаёміліся. Была магчымасць пабудаваць жыллё на цэнтральнай сядзібе, аднак Юльян купіў хату свайго дзядзькі Івана Канановіча 1932 года пабудовы, адмыслова адрамантаваў.

— Добра памятаю ранейшых гаспадароў дзядзьку Ваню і цётку Ганну. Я любіла ў дзяцінстве да іх зайсці. Вельмі добрыя былі людзі, праўда, сваіх дзяцей не мелі, — падхоплівае гутарку Ніна Станевіч.

На жаль, ужо сем год няма на гэтым свеце жонкі Юльяна Канановіча. Сыны Уладзімір і Сяргей з сем’ямі жывуць у Маладзечне, прыязджаюць штотыдзень, дапамагаюць. Запрашаюць на зіму да сябе, аднак у горад Юльян Антонавіч ехаць не збіраецца.

— У родных сценах дыхаецца лягчэй! — гаворыць старажыл Схоліна, які застаўся верным зямлі сваіх дзядоў і прадзедаў.

Маці Юльяна Антонавіча Серафіма (справа) з сястрой Ганнай.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Юльяна КАНАНОВІЧА.