Новости Молодечно и Молодечненского района

Іван Мележ прыязджаў у Маладзечна

  • 2021-02-12 11:42:55
  • Ірына Рабушка

Арыгінал гэтага фота знаходзіцца ў музейна-выставачным цэнтры горада Находкі Прыморскага краю Расіі, а копія – у Мінскім абласным краязнаўчым музеі.

— Навесці мост сяброўства нам дапамог маладзечанскі краязнавец Уладзімір Садоўскі, — заўважае навуковы супрацоўнік музея Таццяна Беразавец. – Нам даслалі сканы-копіі многіх фотаздымкаў і іншых матэрыялаў.

У іх ліку быў і сюжэт, зроблены з творчай сустрэчы Івана Мележа з маладзечанцамі, якая, па меркаванні музейшчыкаў, адбылася ў канцы 1950-1960 гадоў. На жаль, гісторыя не захавала ні імёнаў яе ўдзельнікаў, ні месца правядзення. Вядома толькі тое, што фотасюжэт на танкер «Маладзечна» адправілі хлопчыкі і дзяўчынкі з былога Дома піянераў нашага горада. Яны доўгі час сябравалі з экіпажам і перапісваліся з ім, расказвалі пра свае будзённыя справы, чым жыве піянерская арганізацыя і ўвогуле родны край, а таксама пра тое, што іх радуе і акрыляе. Дзецям таксама прыходзілі пісьмы ў адказ. Безумоўна, тагачаснаму пакаленню было важна расказаць пра сустрэчу з класікам беларускай літаратуры. «У завіруху», «Гарачы жнівень», «Блізкае і далёкае», «У гарах дажджы», «Што ён за чалавек», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы»… Гэта не ўсе творы празаіка, драматурга і публіцыста, якія цікавяць чытачоў і сёння. Яго творчасць вывучаюць са школьнай парты.

8 лютага значная дата ў «літаратурным календары»: споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа – народнага пісьменніка Беларускай ССР. Дарэчы, пасля таго як ён пайшоў з жыцця, Саюзам пісьменнікаў Беларускай ССР была заснавана літаратурная прэмія імя гэтага класіка. Яго імя носіць Мазырскі драматычны тэатр. Памяць пра Івана Мележа шануюць і ў родным яму Хойніцкім раёне, і на Гомельшчыне, і ў Мінску. Зрэшты, памяць пра яго жыве ў сэрцы кожнага неабыякавага чытача.

Ірына РАБУШКА.