Публікуючы старыя здымкі, мы заўсёды просім адгукнуцца чытачоў, якія на іх пазналі сябе ці сваіх знаёмых. Дзякуючы такім водгукам гісторыі, расказаныя ў газеце шмат гадоў, а тое і дзесяцігоддзяў таму, маюць працяг.
Пасля матэрыялу «Якім быў год Труса для маладзечанцаў у мінулым і новым стагоддзях», апублікаванага 24 снежня 2022 года, у рэдакцыю патэлефанаваў Раман Хацяловіч і паведаміў, што на здымку 1963 года пазнаў свайго сябра Віктара Галіцына, які разам з калегам прадухіліў аварыю печы на гархарчкамбінаце, рызыкуючы ўласным здароўем.
-- Мы шмат гадоў працавалі з Віктарам Міхайлавічам на мэблевай фабрыцы, сябравалі сем’ямі, я хрысціў яго сына. На вялікі жаль, майго дарагога сябра не стала ў маі 2022 года, яму было 83 гады, -- расказвае Раман Хацяловіч, былы галоўны энергетык, сакратар партыйнай арганізацыі мэблевай фабрыкі.
Віктар Галіцын у маладосці працаваў электрыкам на гархарчкамбінаце, але большую частку жыцця -- амаль 42 гады -- аддаў мэблевай фабрыцы. Пачынаў з электрыка, пасля заканчэння палітэхнікума яго прызначылі галоўным энергетыкам цэха машыннай апрацоўкі дэталяў, пазней даверылі адказную пасаду галоўнага энергетыка фабрыкі.
Раман Браніслававіч успамінае, што да сваіх абавязкаў яго сябар ставіўся надзвычай адказна, паказваў прыклад іншым, быў сапраўдным патрыётам прадпрыемства. Калі ўзнікала неабходнасць, мог і на другую змену застацца, ніколі не лічыўся з уласным часам. Яго працу высока ацаніла дзяржава, ён узнагароджаны медалём «За трудовое отличие».
З вялікай павагай Раман Браніслававіч расказвае, што Віктар Міхайлавіч быў усебакова адукаваным чалавекам, усё жыццё займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў. Трэніраваў памяць, вучыў вершы. Шмат ведаў на памяць Сяргея Ясеніна, а ўрыўкі з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа мог чытаць па паўгадзіны, а тое і больш.
А яшчэ Віктар Галіцын іграў на гітары ў адным з першых у горадзе вакальна-інструментальных ансамбляў. Быў заўзятым спартсменам, захапляўся лёгкай атлетыкай, часта перамагаў у фабрычных спаборніцтвах. Каб падтрымліваць сябе ў форме, штодня бегаў па тры кіламетры па гарадскім парку.
У 2018-м Віктар Міхайлавіч адзначыў сваё 80-годдзе. Разам з ім жонка Валянціна Мікалаеўна і ўнук Арцём.
На фабрыцы працавала і яго жонка Валянціна Мікалаеўна. Яна таксама пачынала з рабочай спецыяльнасці, закончыла палітэхнікум, была інжынерам-тэхнолагам, больш за 20 гадоў працавала дырэктарам стадыёна (цяпер гарадскога), які на той час адносіўся да мэблевай фабрыкі.
Галіцыны выгадавалі цудоўных сына і дачку, дачакаліся ўнукаў і праўнука. У любові і згодзе яны пражылі разам больш за 60 гадоў.
-- Віктар быў выдатным мужам, бацькам, дзядулем. І такім жа сябрам, -- гаворыць Раман Браніслававіч. -- Варта было толькі намякнуць, што патрэбна дапамога, ён адразу ж адгукаўся. Гэта быў чалавек вялікай душы, усім нам яго вельмі не хапае. Спадзяюся, калегі, знаёмыя пазналі яго на старонках «Маладзечанскай газеты» і ўспомнілі добрым словам…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Рамана ХАЦЯЛОВІЧА.