Дырэктару ўдзячная ўсё жыццё
— У цэнтры другога рада – два нашы дырэктары. Мікалай Філіпаў (чацвёрты злева) узначальваў сярэднюю школу, Міхаіл Абрамовіч (чацвёрты справа) – вячэрнюю. Абодва франтавікі, выдатныя педагогі, якіх любілі вучні, паважалі ўсе мясцовыя жыхары, — расказвае Ніна Аляксандраўна. – Асабіста я вельмі ўдзячная Міхаілу Барысавічу, які сыграў важную ролю ў маім жыцці. У наш час абавязковай была сямігадовая адукацыя. Атрымаўшы атэстат, я пайшла працаваць у калгас, была звеннявой перадавога кукурузаводчага звяна. Работа мне падабалася, аб далейшай адукацыі не думала. Аднак Міхаіл Барысавіч пры кожнай сустрэчы ўгаворваў мяне пайсці ў вячэрнюю школу, магчыма, бачыў маю здольнасць да вучобы, мой патэнцыял. Ён нават прыходзіў да маіх бацькоў у Кабылкі (цяпер Зоранька) – такім неабыякавым да лёсу вучняў быў наш дырэктар. Год я правучылася, а пасля восьмага класа ў няпоўныя 18 выйшла замуж і хацела спыніць вучобу. Аднак дырэктар настаяў, каб я закончыла сярэднюю школу. Памятаю, як пасля размовы з ім напісала мужу ў армію пісьмо і спыталася, ці не будзе ён супраць, калі я зноў сяду за парту. Дзякуючы Міхаілу Барысавічу ў выніку я паспяхова закончыла не толькі дзесяцігодку, але і Гродзенскі сельгасінстытут, атрымала спецыяльнасць агранома, усё жыццё працавала ў нашай гаспадарцы, была намеснікам старшыні. Міхаіл Барысавіч выкладаў геаграфію, вельмі цікава расказваў пра розныя краіны, усе вучні любілі яго прадмет. Ён быў вельмі інтэлігентным, ніколі не павышаў на нас голас. Выдатнай настаўніцай рускай мовы і літаратуры была і яго жонка Людміла Міхайлаўна Чычкіна (першая справа ў другім радзе).
Настаўніца з Ленінграда засталася ў Палачанах
З вялікай павагай і душэўным трапятаннем расказвае мая субяседніца і пра іншых педагогаў школы:
— У другім радзе другая справа – Надзея Шашорына, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Яна закончыла ў Ленінградзе педінстытут імя Герцана, прыехала ў Палачаны па размеркаванні, выйшла замуж за мясцовага настаўніка, засталася назаўсёды. Для нас, вучаніц, Надзея Васільеўна была іконай стылю – прыгожая, статная, модна апранутая. А як яна танцавала! Немагчыма было адвесці вачэй. І педагог выдатны, мы слухалі яе, затаіўшы дыханне. Паміж дырэктарамі на фота – матэматык Вера Асіповіч. Яна была строгай, але ўмела зацікавіць нас сваім прадметам, я яго вельмі любіла. Першая злева ў другім радзе – Людміла Кавалеўская, якая таксама выкладала рускую мову і літаратуру.
Заняткі доўжыліся да поўначы
Вячэрнікі займаліся чатыры дні на тыдзень, акрамя серады, суботы і нядзелі. На той час школа знаходзілася ў новым двухпавярховым будынку ў цэнтры Палачан, цяпер ён пустуе. Школьнай формы не было, званкі давалі ўручную. Урокі пачыналіся ў сем вечара, а заканчваліся апоўначы. Ноччу Ніне даводзілася за тры кіламетры вяртацца ў свае Кабылкі. Успамінае, што аднойчы мяцеліцай збілася з дарогі, ледзь не замерзла. Раніцай не паспіш — трэба было дапамагаць па гаспадарцы бацькам, бегчы на работу.
З дзевяцярых аднакласнікаў сямёра закончылі інстытуты
— Разам са мной у вячэрняй школе вучыліся вельмі здольныя юнакі і дзяўчаты, — расказвае Ніна Аляксандраўна. – З дзевяцярых маіх аднакласнікаў сямёра атрымалі вышэйшую адукацыю, займалі адказныя пасады. На здымку першая ў трэцім радзе злева, побач са мной, Тамара Кулікава, якая ўсё жыццё працавала педыятрам у Мінску. У першым радзе трэці справа – Іван Легуш, які быў галоўным інжынерам вілейскага завода «Зеніт». Трэцяя ў трэцім радзе злева – Любоў Фалей, былая галоўны бухгалтар ААТ «Палачаны». У дзявятым класе з намі вучыўся Іван Дзяржынскі, які быў дырэктарам спіртзавода «Яхімоўшчына», затым узначаліў мясцовы саўгас, атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. Усё жыццё я падтрымліваю адносіны і з Зінаідай Гулевіч, у замужжы Белік (першая ў трэцім радзе справа), выпускніцай дзённай школы, якая працавала ўрачом-гінеколагам. Мы стараліся збірацца з аднакласнікамі на юбілейныя выпускі, прыходзілі ў школу, сустракаліся з настаўнікамі праз 40, 50 гадоў пасля заканчэння школы. Сёлета, у 60-гадовы юбілей, на жаль, з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі не давядзецца сустрэцца. Няхай жа гэты здымак на старонках газеты прыгадае маім школьным сябрам пра цудоўныя гады вучобы, няхай кожны з нас яшчэ раз у думках падзякуе нашым незабыўным настаўнікам за навуку, за ўсё добрае, што яны зрабілі для нас.Праз 40 гадоў пасля выпуску: Ніна Канановіч, Усевалад Божка, Ванда Паклікуха, Васілій Крук, Любоў Фалей, настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Кавалеўская, Ніна Станевіч, Іван Легуш.
Іван Легуш танцуе з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Надзеяй Шашорынай.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Ніны СТАНЕВІЧ.