Нам пашанцавала знайсці адну з гераінь гэтага здымка Ларысу Гладкову (яна ў апошнім радзе чацвёртая справа). У яе альбоме таксама захоўваецца такое ж фота, а ў душы – самыя цёплыя ўспаміны аб прадпрыемстве, дзе яна адпрацавала 33 гады. Ларыса Лявонцьеўна назвала імёны многіх сваіх калег з гэтага фота, за што мы ёй вельмі ўдзячныя.
— Пасля заканчэння Мінскага політэхнічнага інстытута я ў 1982 годзе прыйшла на піўзавод інжынерам-хімікам, пазней была начальнікам вытворчасці. Пяць гадоў на гэтай пасадзе адпрацавала ўжо на пенсіі на пераемніку піўзавода ТАА «Завод напіткаў Раял Фрут Бел», — успамінае Ларыса Лявонцьеўна. – У 80-я гады мінулага стагоддзя на нашым прадпрыемстве налічвалася 115 работнікаў. Дырэктарам была Галіна Страшынская, уся працоўная дзейнасць якой прайшла на заводзе. На жаль, яна пайшла ўжо з жыцця. Асноўнай нашай прадукцыяй было піва — жывое, непастэрызаванае, разлітае ў шкляныя бутэлькі. Акрамя яго, выпускалі безалкагольныя газіраваныя напіткі, у летні сезон – квас…
З вялікай павагай Ларыса Лявонцьеўна расказвае пра людзей, якія, як і яна, шмат гадоў аддалі прадпрыемству:
— На здымку ў трэцім радзе пасярэдзіне – прыгожая пара. Усмешлівы хлопец Мікалай Пашкоўскі, які пачынаў наладчыкам, вырас да галоўнага інжынера. Разам з ім жонка Алена, інжынер-мікрабіёлаг. На піўзаводзе яны пазнаёміліся, стварылі сям’ю. Побач з імі злева – старшы эканаміст Алімпіяда Мякіннік, якая шмат гадоў адпрацавала на прадпрыемстве. Крайняя злева ў трэцім радзе – майстар цэха разліву піва Антаніна Бягун, адна з тых, хто прыйшоў працаваць з першых гадоў заснавання завода. У другім радзе пасярэдзіне ў сукенцы ў кветкі – вопытны купажыст цэха разліву безалкагольных напіткаў Соф’я Парфімовіч. Справа ад яе – эканаміст па працы і заработнай плаце ветэран вытворчасці Яўгенія Шыловіч, злева – бухгалтар Марына Капеева, затым — рабочая Наталля Клімовіч, адна з арганізатараў заводскіх «агеньчыкаў» і свят, якая прыгожа спявала. У першым радзе злева – бухгалтар Ганна Тукайла, аператар цэха разліву Ала Стахоўская. Навагоднія «агеньчыкі» ў нас праходзілі вельмі весела, былі мнагалюднымі. На фотаздымку толькі частка іх удзельнікаў. Любілі мы і Дзень работнікаў харчовай прамысловасці, што адзначаўся ў лістападзе. Дружна хадзілі на дэманстрацыі 1 Мая і 7 Лістапада. Такія мерапрыемствы аб’ядноўвалі калектыў, нам было весела і цікава разам. Прыемна ўспомніць сваю маладосць, калі глядзіш на гэты здымак…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксандр САЛАГУБ.
Старыя фотаздымкі з тэкстам дасылайце на электронны адрас m_gazeta@tut.by.