З Рыма ў Мінск
Прэзентацыю будучых спаборніцтваў правёў першы намеснік фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатолій Котаў. Ён нагадаў, што алімпіядзе кантынентальнага маштабу будзе папярэднічаць эстафета агню «Полымя міру». Агонь запаляць 3 мая ў Рыме ў музеі «Алтар міру». Затым беларускія альпіністы ўзнімуць полымя на Манблан. Граніцу нашай краіны яно перасячэ 12 мая. У кожнай вобласці эстафета прабудзе шэсць дзён. Яе маршрут пройдзе па найбольш знакавых мясцінах.
Факеланосцамі выступяць 450 чалавек. Сярод іх спартсмены, вядомыя прадстаўнікі культуры, навукі, мастацтва, грамадскія дзеячы. Эстафета прадоўжыцца 50 дзён.
Бязвіз і бясплатныя дарогі
У Беларусі ўвядуць бязвізавы рэжым для замежных балельшчыкаў і спартсменаў з 98 краін. Ён будзе аналагічны таму, што дзейнічаў у час чэмпіянату свету па хакеі 2014 года (па білетах пры наяўнасці дзеючага дакумента для ўезду і страхоўкі).
Пры гэтым уладальнікам транспартных сродкаў, калі яны маюць білеты на спартыўныя спаборніцтвы, дазволяць бясплатны праезд па платных дарогах. Такія меры павінны яшчэ больш павысіць цікавасць як да кантынентальнага першынства, так і да нашай краіны.
Абараніць сумленных спартсменаў
Пра дзейнасць Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва расказаў яго дырэктар Дзяніс Мужжухін.
— Наша асноўная задача — забяспечыць для спартсменаў роўныя ўмовы спаборніцтва, абараніць «чыстых» спартсменаў, гарантаваць надзейнасць інвестыцый у спорт, — расказаў Дзяніс Аляксандравіч. – У час ІІ Еўрапейскіх гульняў плануецца рэалізаваць маштабную антыдопінгавую праграму.
Усяго ў спаборніцтвах задзейнічаюць трыццаць замежных і дзесяць айчынных допінг-афіцэраў. Таксама будуць працаваць 240 валанцёраў-шаперонаў, якія разам з допінг-афіцэрамі будуць сачыць за станам спартсменаў. Допінг-кантроль плануецца ажыццяўляць на кожным спартыўным аб’екце, а таксама ў вёсцы спартсменаў.
Спаборніцтвы растопяць лёд
Экскурсія па спартыўных аб’ектах – найбольш пазнавальная частка семінара. Арганізатары паказалі шматфункцыянальны культурна-спартыўны комплекс «Мінск-Арэна», спартыўна-забаўляльны комплекс «Falcon Club», нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама».
Было цікава даведацца, што «Дынама» пасля рэканструкцыі змяшчае звыш 22 тысяч гледачоў. Вага навяснога абсталявання «Мінск-Арэны» дасягае 80 тон. Дарэчы, усе лядовыя аб’екты ў час гульняў будуць «асушаныя». Там плануецца арганізаваць спаборніцтвы па спартыўнай і мастацкай гімнастыцы, скачках на батуце, аэробіцы, іншых відах спорту.
Прадстаўляць Беларусь – вялікі гонар
Сваімі думкамі і разважаннямі з удзельнікамі семінара падзяліліся майстар спорту па каратэ Антон Ісакаў, чэмпіёнка І Еўрапейскіх гульняў, шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы ў вольнай барацьбе Васіліса Марзалюк, прадстаўніцы спартыўнай аэробікі (новага для нашай краіны віду спорту) Дар’я Харанэка і Анастасія Будэйка.
Спартсмены адзначылі, што выступаць у роднай краіне – вялікі гонар і асаблівая адказнасць. Яны заклікалі балельшчыкаў наведаць спаборніцтвы і падтрымаць айчынных спартсменаў.