Расіянку Клаўдзію Сценіну як камсамольскую актывістку і вопытную медсястру пасля вайны прыслалі з Разані на Валожыншчыну ўмацоўваць савецкую ўладу. У школе яна марыла стаць артысткай, ды суровыя рэаліі ваеннага жыцця ўнеслі свае карэктывы. Але гэта не перашкодзіла ёй іграць вядучыя ролі ў самадзейных спектаклях. Дзеля ролі Паўлінкі яна нават вывучыла беларускую мову. І ўсё жыццё спявала, у сталым узросце — на клірасе ў Лебедзеўскай царкве…
Аднойчы Клаўдзія ішла па вясковай вуліцы па сваіх справах. Насустрач ёй ехалі два хлопцы на веласіпедах. Адзін з іх так загледзеўся на прыгожую дзяўчыну, што зваліўся з веласіпеда. Як медык, Клаўдзія адразу ж падбегла, спытала, ці моцна ўдарыўся, ці патрэбна яму дапамога. Так адбылося іх знаёмства, якое з цягам часу перарасло ў моцнае каханне.
Дачка ўспамінае, як тата расказваў пра гэта: «Калі я першы раз убачыў Клаву, мне падалося, што яна сышла з іконы і што мы з ёю былі знаёмыя. У той самы момант я вырашыў, што яна будзе маёй жонкай».
Ганна Анатольеўна паспела распытаць у сваіх бацькоў пра іх дзіцячыя, юнацкія гады. Гэтыя ўспаміны – неад’емная частка гісторыі іх вялікай і дружнай сям’і.
— Мая мама ў 1944 годзе закончыла Разанскі медыцынскі тэхнікум, яе накіравалі працаваць у ваенны шпіталь, — расказвае жанчына. — Жудасна было маладой дзяўчыне глядзець на бязрукіх, бязногіх салдат, многія з іх былі яшчэ зусім юнымі.
Трымалася, дапамагала ім, як магла. А колькі радасці было, калі ў шпіталь прывезлі з фронту яе роднага старэйшага брата Мікалая, параненага ў нагу, але жывога. Іх сустрэча – нібы кадры шчымлівага кінафільма. Тройчы паранены, Мікалай застаўся інвалідам. Маці яшчэ доўга даставала з яго цела пінцэтам маленькія асколкі вайны…
У таты свая трагічная гісторыя, звязаная з Вялікай Айчыннай. Яго бацька Зміцер Станевіч да вайны быў на заробках у Амерыцы. Калі вярнуўся, купіў у пана зямлю ў Асанаве, пабудаваў свой дом, пасадзіў вялікі сад. Вельмі любіў, калі цвілі яблыні… Ажаніўся, у сям’і нарадзіліся сын і тры дачкі. Дзед быў вельмі добрым чалавекам, многім дапамагаў. Аднойчы я, яшчэ зусім маладая, убачыла, як ля яго магілы стаіць на каленях старэнькая бабуля і нешта шэпча. Падышла да яе, загаварыла. Яна расказала, што ёй не хапала грошай, каб купіць сваім дзецям-сіротам хлеба, бо муж памёр. Дзед дабавіў грошай і на сваім кані падвёз яе дадому. І ад іншых людзей даводзілася чуць шмат добрых слоў пра яго: працавіты, вясёлы. А як іграў на гармоніку! Аднавяскоўцы паважалі і любілі яго. Калі ў маёй бабулі памерла ад родаў сястра, яна, плачучы, спыталася: «Змітрок, можа, мы дзіця забяром?». Дзед, не задумваючыся, адказаў: «Калі ж не мы, Людачка, дык хто?».
Калі ў 44-м годзе фашысты адступалі, жыхары Асанава хаваліся ў лесе. Бабуля з дзецьмі таксама пайшла, а дзед застаўся, не захацеў пакідаць дом і гаспадарку. Якраз у гэты час прыйшлі партызаны, папрасілі хлеба. Не змог ён адмовіць, пайшоў у дом, вынес вялікі кавалак. Дзедава хата стаяла пры дарозе, а немцы, як аказалася, былі непадалёк. Адзін з іх праз бінокль убачыў, як дзед перадаваў хлеб. Падбег, накінуў яму рэмень на шыю і застрэліў. Пра гэта пазней бабулі расказаў суседскі хлопчык, які хаваўся непадалёк у жыце і ўсё бачыў.
Везці дзеда на могілкі было небяспечна, пахавалі яго прама ў садзе, які ён вельмі любіў. А праз колькі дзён пасля вызвалення нашай мясцовасці забралі на фронт майго 18-гадовага бацьку. Ён прайшоў усю Еўропу, вярнуўся дадому з узнагародамі – ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За Перамогу над Германіяй» і іншымі. Тата не любіў расказваць пра вайну, казаў, што было вельмі жудасна, што неба здавалася чорным ад разрываў снарадаў… І ўсім хацелася жыць.
Нікому не адмаўляла ў дапамозе
Клаўдзія Станевіч 40 гадоў адпрацавала медсястрой у Лебедзеўскай бальніцы, была ветэранам працы, яе партрэт змяшчаўся на Дошцы гонару ў раённай бальніцы. Дачка ўспамінае, што часта і сярод ночы стукалі ў акно аднавяскоўцы, прасілі маці дапамагчы. І яна ніколі нікому не адмовіла, лічыла гэта сваім абавязкам.
Загадчыкам гаспадаркі бальніцы доўгі час працаваў і Анатолій Дзмітрыевіч. Яны выгадавалі траіх дзяцей – дачок Ганну і Людмілу, сына Анатолія, усім далі вышэйшую адукацыю. У іх сямёра ўнукаў, дзясяцера праўнукаў.
— На вялікі жаль, таты даўно няма ў жывых, а мама пайшла з жыцця летась, 1 лістапада. Рана ад страты дарагога чалавека вельмі балючая. Ёй было 92 гады, мы доўга жылі разам, — з сумам расказвае дачка.
Успамінае, як усёй вялікай сям’ёй абавязкова збіраліся ў бацькоўскай хаце на Вялікдзень і Каляды. Асаблівае свята для ўсіх іх і Дзень Перамогі.
— У нас шмат старых здымкаў, — гаворыць Ганна Анатольеўна. — Хачу, каб яны былі ва ўсіх унукаў, праўнукаў маіх бацькоў. І каб яны не толькі іх захоўвалі, але і ведалі гісторыю свайго роду, ганарыліся ім і былі такімі ж сумленнымі, працавітымі, добрымі людзьмі, як іх продкі.
Фота: архіў Ганны АТРОШЧЫК.