Новости Молодечно и Молодечненского района

Софія Бурак: «Тата так і не расказаў нам, за што яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга»

  • 2020-05-06 05:23:24
  • Анжаліка Крупянькова

І даведаліся, што ў баі пры фарсіраванні ракі Піліца ў раёне сяла Бяла-Гура (Польшча) у ноч на 15 лютага 1945 года, дзейнічаючы ў складзе штурмавой групы, ён першым пераправіўся на левы бераг ракі, скрытна прабраўся ў стан праціўніка і бясшумна зняў двух варожых салдат. Гэта ў многім пасадзейнічала паспяховаму фарсіраванню ракі і заняццю плацдарма» — расказвае старэйшая дачка героя Софія Бурак, жыхарка вёскі Мясата.

«Калі я прачытала гэтыя радкі, зразумела, чаму тата не расказваў нам пра свой подзвіг, як мы ў яго ні распытвалі. Ён не мог сказаць праўду, прызнацца нам, што вось так забіў двух фашыстаў. Ён насіў гэта ў сабе… І, магчыма, пакутаваў, бо па сваёй прыродзе быў вельмі мяккім, добрым, за ўсё жыццё ні на каго не накрычаў, ужо не кажучы пра тое, каб руку падняў…»

Истории, посвященные 75-летию Великой Победы читайте в специальной РУБРИКЕ.

Міхаілу Сяргею не было і 20 гадоў, калі яго прызвалі на вайну пасля вызвалення роднай Мясаты. У складзе І Беларускага фронту Сталінскай стралковай дывізіі ён прайшоў Беларусь, Польшчу, дайшоў да Берліна. Акрамя ордэна Чырвонага Сцяга быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, у мірны час – І ступені, медалямі.

— Татавы ўзнагароды захоўваліся ў зялёнай скрынцы. Калі мы, дзеці, былі малымі, ён дазваляў нам гуляць з медалямі. А вось ордэны чапаць забаранялася. Гэта было святое! – успамінае Софія Міхайлаўна.

Софія Бурак лічыць самымі дарагімі сямейнымі рэліквіямі ваенныя ўзнагароды свайго бацькі.

Пры штурме Берліна Міхаіл Сяргей атрымаў цяжкае раненне ў правую руку. Мог сцячы крывёй, каб не сябар-аднапалчанін, які выцягнуў яго з поля бою на плашч-палатцы. На жаль, дзеці не ведаюць яго імя, памятаюць толькі прозвішча — Рыбак. Жыў ён у вёсцы Рыбакі Смаргонскага раёна.

— Аднойчы ў пачатку 1970-х гадоў ля нашага дома спынілася шыкоўная «Волга», з яе выйшаў немалады мужчына. Калі тата яго пазнаў, кінуўся абдымацца, цалавацца. Аказваецца, гэта і быў татаў выратавальнік. Яго сын у латарэю выйграў «Волгу» і на радасцях прывёз бацьку да франтавога сябра, — успамінае дачка.

Працягваючы расповед, Софія Міхайлаўна расказвае, што пасля шпіталя яе бацька вярнуўся дадому восенню 1945-га з пасведчаннем інваліда вайны. Рука, на жаль, часткова засталася пакалечанай, дрэнна гнулася. Аднак ён прыстасаваўся і касіць, і за плугам хадзіць.

Праз два гады пасля вайны, у 1947-м, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Вольгай Бурак. Яны пабудавалі дом: пры адступленні фашысты поўнасцю спалілі Мясату, людзі вымушаны былі жыць у зямлянках. Міхаіл і Вольга пражылі разам 56 гадоў, выгадавалі траіх выдатных дзяцей.

Міхаіл Сяргей разам з жонкай Вольгай, дзецьмі Софіяй, Мікалаем і Зінаідай.

 

— Тата да вайны паспеў закончыць усяго два класы польскай школы, перажываў, што быў малапісьменным. І нам заўсёды даваў наказ: «Дзеці, вучыцеся!» — з удзячнасцю гаворыць дачка.

Софія Міхайлаўна атрымала прафесію бухгалтара, працавала ў Мясоцкім сельскім Савеце дэпутатаў. Яе брат Мікалай, які вельмі падобны на бацьку, педагог, шмат гадоў аддаў рабоце ў сферы адукацыі раёна. Малодшая сястра Зінаіда – біёлаг, працуе ў скурнавенералагічным дыспансеры.

Нельга не сказаць і пра тое, што ў 1944-м разам з сынам пайшоў добраахвотнікам на фронт і яго 47-гадовы бацька Аляксей Аляксандравіч Сяргей. Такіх добраахвотнікаў з Мясаты было трое, і ніводны з іх не вярнуўся дадому. Аляксей Сяргей служыў у ваенным шпіталі ездавым, быў паранены 4 красавіка 1945 года і праз два дні памёр ад ран. Ён пахаваны на тэрыторыі Германіі.

Расказвае Софія Міхайлаўна пра тое, што не вярнуўся з вайны і яе родны дзядзька, брат маці Іван Іванавіч Хомчык, які загінуў у Германіі пры фарсіраванні ракі Одэр.

— І мой свёкар Адам Аляксандравіч Бурак загінуў на тэрыторыі Германіі, — працягвае сумны спіс жанчына.

Імёны дарагіх для яе людзей занесены на помнік загінулым у гады вайны мясцовым жыхарам, што знаходзіцца на тэрыторыі былой Мясоцкай школы. Усяго на абеліску 137 імёнаў. Раней на Дзень Перамогі ля яго праходзілі мітынгі, стаялі ў ганаровай варце дзеці. Цяпер жа толькі сваякі загінулых прыносяць у гэты дзень кветкі, схіляюць галовы перад памяццю сваіх блізкіх і ўсіх землякоў, якія сталі ахвярамі вайны.

— Штогод 9 мая іду на могілкі і нясу тату яго любімыя кветкі – цюльпаны. Веру, што і там, на нябёсах, ён аберагае нас, сваіх дзяцей, што адчувае, як мы любім яго і як сумуем…

Міхаіл і Вольга Сяргей пражылі разам 56 гадоў.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Фота: АЎТАР, архіў Софіі БУРАК.