Новости Молодечно и Молодечненского района

Навек застаўся васямнаццацігадовым

  • 2020-04-08 11:12:57
  • Анжаліка Крупянькова

Ён быў высокі, прыгожы, добра спяваў, як і я. Казалі, што мы з ім падобныя. У Літву ў школу хадзіў, на сваёй гаспадарцы працаваў. У нас зямлі было шмат, каля дзесяці гектараў. У акупацыі фашысты яго разам з іншымі мужчынамі ганялі на работу ў Іўе, Гаўю».

Клаўдзія Уладзіміраўна – адна з найстарэйшых жыхарак Зоранькі, ёй 85 гадоў. А яе брат навек застаўся маладым: яму было ўсяго 18, калі вясной 1945-га загінуў на тэрыторыі Германіі. Сястра ўсё жыццё захоўвае пісьмы Леаніда з фронту. Цяпер, праз 75 гадоў, гэта сапраўдная рэліквія, музейны экспанат.

— У сям’і нашай было чацвёра дзяцей, старэйшая сястра Люба памерла ў пяць гадоў. Акрамя Лёні ў мяне быў яшчэ брат Славік, я самая меншая. Калі пагналі фашыстаў з нашай зямлі, многім мужчынам з Кабылак (такую назву ў той час вёска) далі павесткі на фронт. Памятаю, што Лёня сядзеў на ганку і плакаў. Малады зусім быў – усяго 18. Бацьку спачатку таксама забралі, але потым адпусцілі, ён на адно вока не бачыў.
Кожны дзень блізкія чакалі пісьмаў ад свайго байца. Разумеючы іх трывогу, ён пісаў, як толькі выпадала вольная хвіліна. Паштальён часта заходзіў у дом да Рындзевічаў з чарговым трохкутнічкам. І на нейкі час у доме было спакойна: Лёня жывы-здаровы! Але ішоў тыдзень-другі — і маці Софія Васільеўна пачынала нервавацца: «Дзе сынок, чаму вестачку не шле?».

Разам з Клаўдзіяй Уладзіміраўнай мы беражліва разгортваем сцёртыя па згібах маленькія трохкутнічкі, асаблівым спосабам складзеныя з пажоўклых лістоў сшытка ў клетачку. На кожным з іх – пячаць ваеннай цэнзуры. Салдаты разумелі, што пісьмы прачытваюцца, таму пісалі коратка і бадзёра, без падрабязнас-
цей, іншы раз па шаблоне.

«Привет с фронта! Здравствуйте, дорогой браток Славик и cестрица Клавдия!
В первых строках своего письма сообщаю вам, что я пока что жив и здоров, и вам желаю всего наилучшего в вашей молодой, школьной и мирной жизни. Сообщаю, что я получил письмо, но вам не отписывал, потому что не было времени. Дорогие браток и сестрица, пишите почаще. Когда нет от вас письма, я тогда очень скучаю…» — напісана ў адным з лістоў, датаваным лютым 1945 года.
Іншы раз у скупых радках прарываліся адчай, трывога: «Жизнь моя не очень хорошая. Сидим день и ночь, как соловей в клетке, в день даже и голову из окопа не подымешь. Но это ничего. Скоро заберём Берлин, война кончится, и приду домой».

Але радня так і не дачакалася свайго салдата.

— Мама ў нядзелю ў царкву пайшла, затым зайшла да суседзяў. А ім якраз прынеслі пісьмо з фронту ад галавы сям’і, якога ў вёсцы ўсе звалі Кавалём. Мама папрасіла: «Чытайце для ўсіх, гэта ж не дзяцюк дзеўцы піша». Вось у тым пісьме Каваль і напісаў сваякам: камандзір паведаміў, што Леанід Рындзевіч загінуў. Пераступіўшы парог сваёй хаты, мама пачала галасіць, рваць на сабе валасы. Мы са Славікам вельмі перапалохаліся. А праз нейкі час яна пайшла ў ваенкамат, і ёй уручылі пахавальную, — успамінае трагічныя падзеі Клаўдзія Уладзіміраўна.

Копію пахавальнай яна таксама захавала разам з пісьмамі. У ёй напісана, што «радавы Леанід Рындзевіч у баі за сацыялістычную радзіму верны воінскай прысязе праявіў геройства і мужнасць, быў забіты 22 сакавіка 1945 года». Ён пахаваны на паўночным ускрайку брацкай магілы ў цэнтры сяла Ален Дрэвікс (Германія).

— Мама не магла змірыцца з гібеллю сына. Увесь час плакала і казала: «Я сабе смерць зраблю». А я баялася, што яна памрэ, нават ноччу трымала яе за руку і ўсё паўтарала: «Мамачка, не рабі смерць, як я буду без цябе?». Ад нерваў у мяне пачалося малакроўе. Калі мяне завезлі да ўрача ў Палачаны, тая маме сказала: «Сына вы не вернеце, а дачку можаце страціць». Пасля гэтага мама паспакайнела, зразумела, што трэба жыць дзеля нас са Славікам. Калі я вырасла і пайшла працаваць, дабілася, каб маці выплачвалі пенсію за сына, які загінуў, яна была большая, чым працоўная.

Клаўдзія Уладзіміраўна працавала ў калгасе паляводам, цялятніцай, затым з-за дрэннага здароўя ўладкавалася прыбіральшчыцай на радыёзавод «Спадарожнік», адкуль і пайшла на пенсію. Жыла з бацькамі, дагледзела іх. Яна вялікая рукадзельніца, вельмі прыгожа вяжа. Клубок з ніткамі і пруткі ў яе заўсёды пад рукой, з імі час хутчэй ляціць і не так сумна. На свяце вёскі Зоранька, якое праходзіла пяць гадоў таму, яе прызналі пераможцай конкурсу сярод мясцовых рукадзельніц.

— Дзякуй, што расказалі пра свайго брата, што 75 гадоў захоўваеце яго пісьмы, – сказала я Клаўдзіі Уладзіміраўне на развітанне.

Акуратна складваючы маленькія трохкутнічкі ў палінялы ваенны планшэт колеру хакі, жанчына ціха прамовіла:

— Берагу, пакуль жывая…

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.