Да своеасаблівай акцыі далучыліся першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксей Раманюк, старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, старшыня раённага савета ветэранаў Станіслава Зубкова і ваенны камісар Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Аляксандр Мацецкі. Разам з імі мы завіталі ў госці да Міхаіла Саўчанкі і Васілія Зімарына.
І сёння памятае Міхаіл Саўчанка доўгачаканую Перамогу 1945-га, якую сустрэў у Кёнігсбергу.
— Добрая вестка прыляцела да нас раніцай. Усе навокал радуюцца, шумяць, крычаць: «Перамога! Перамога!». І страляюць у паветра, — успамінае ветэран скрозь слёзы, якія імгненна напаўняюць яго вочы.
Сярод узнагарод ветэрана ордэн Вялікай Айчыннай вайны І ступені, медалі «За баявыя заслугі» і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».
Родам Міхаіл Уладзіміравіч з Чарнігаўскай вобласці. На фронт пайшоў 17-гадовым юнаком. Быў пехацінцам. Маладзечна даўно стала для яго родным горадам. Тут працаваў слесарам-матарыстам і вадзіцелем. Сам пабудаваў дом для сваёй дружнай сям’і. Цяпер дзеці, унукі і праўнукі не пакідаюць яго ў адзіноце, не даюць засумаваць. Гэта надае сіл ветэрану на кожны новы дзень.
Міхаіл Саўчанка з Аляксандрам Мацецкім і Аляксеем Раманюком.
— У мяне нашчадкаў цэлая артылерыя! – бадзёра рапартуе Міхаіл Уладзіміравіч, які, нягледзячы на паважны ўзрост, не страчвае пачуцця гумару і аптымізму.
Слаўны шлях і ў Васілія Зімарына. 19-гадоваму хлопцу не давялося закончыць вучобу ў Тамбоўскім чыгуначным тэхнікуме (з тых краёў ён родам). Разам з іншымі равеснікамі яго накіравалі ў ваеннае артылерыйскае вучылішча. Праз восем месяцаў вучобы Васілія ў званні лейтэнанта адправілі ў 69-ю гвардзейскую стралковую дывізію 4-й арміі камандзірам артылерыйскага ўзвода. Яго франтавы шлях пачаўся са Сталінградскай бітвы.
Васілій Зімарын.
— На вайне мы не подзвігі здзяйснялі, а проста абаранялі Радзіму. У думках кожнага салдата і камандзіра было толькі адно: ні кроку назад! — гаворыць Васілій Іванавіч.
Такім быў баявы шлях Васілія Зімарына ў радах 69-й гвардзейскай Звянігарадскай Чырванасцяжнай мотастралковай дывізіі ад Сталінграда да Вены. Перамогу сустрэў у Аўстрыі.
Аб яго мужнасці гавораць баявыя ўзнагароды – ордэны Айчыннай вайны
ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, медалі «За адвагу», два «За баявыя заслугі», «За абарону Сталінграда», «За ўзяцце Вены» і іншыя.
У мірны час прадоўжыў службу ў нашым горадзе. Менавіта тут ён сустрэў сваё адзінае каханне.
Здаецца, і цяпер Васілій Зімарын, як, зрэшты, і ўсе прадстаўнікі таго пакалення, працягвае змагацца за кожны новы дзень, не дае хваробам узяць у палон, застаецца прыкладам любові да жыцця для сваіх нашчадкаў.
Фота: Ірына РАБУШКА.