І працягвае: «Сярод лясных мсціўцаў быў і мой свёкар Уладзіслаў Свірыдавіч Кустэнка. Даўно няма яго на гэтым свеце, пайшоў з жыцця ў 1994 годзе. Тры гады таму памёр і яго сын Мікалай — мой муж. Але я захоўваю партызанскае пасведчанне свёкра, пасляваенныя здымкі. Вось і ў рэдакцыю прыйшла пасля вашага звароту праз газету да чытачоў прынесці здымкі, дакументы сваякоў, якія набліжалі Перамогу. Дарэчы, мой свёкар быў удзельнікам і фінскай вайны».
Истории и материалы, посвященные 75-летию Великой Победы, читайте в специальной РУБРИКЕ.
Такім Уладзіслаў Кустэнка быў у маладыя гады.
Юлія Рыгораўна прыгадвае, што любімай песняй Уладзіслава Свірыдавіча была ўкраінская «По-за лугом зелененьким брала вдова лён дробненький». Голас ён меў прыгожы і вельмі моцны — калі запяваў, лямпачкі пад столлю пачыналі трымцець. Здавалася, усю горыч свайго жыцця, сум па радзіме ўкладваў у гэту песню. Родам ён з Украіны, з Валынскай вобласці. Ратуючыся ў 1930-я гады ад галадамору, прыехаў на Чэрвеньшчыну будаваць рыбгас «Волма». Як толькі ўладкаваўся, перавёз з Украіны маці і дзвюх сясцёр, якія там пухлі ад голаду. Да вайны паспеў ажаніцца, парадавацца нараджэнню сына і дачкі. Але здарылася бяда: памерла жонка, застаўся ўдаўцом. Сыну Колю на той час было 13 гадоў, дачушцы Ніне – усяго год і тры месяцы. Шкадаваў дзяцей, клапаціўся пра іх, але не стаў імі прыкрывацца, калі ў гады акупацыі на Чэрвеньшчыне разгарнуўся партызанскі рух. Як значыцца ў пасведчанні, з сакавіка 1942-га да самага вызвалення ў ліпені 1944-га быў сувязным, радавым партызанскага атрада імя Панамарэнкі брыгады «Праўда».
— Шкадую цяпер, што мы з мужам мала распытвалі ў яго пра партызанскае жыццё. Неяк не прынята было ў сям’і пра гэта ўспамінаць. Кожны год 9 мая прыгожа апраналі бацьку, праводзілі на ўрачысты мітынг. Памятаю, калі ён у Прудах працаваў на цагельным заводзе, вялікае свята ладзілася. Тады яшчэ многа франтавікоў, партызан жывых было, — гаворыць наша чытачка.
Расказвае Юлія Рыгораўна і пра тое, што ў вайну яе свёкар ажаніўся ў другі раз з Соф’яй, якая была маладзейшая за яго на дзесяць гадоў:
— Усяго 16 было тады маёй свекрыві Соф’і Дзмітрыеўне. Але колькі гора перажыла! За сувязь з партызанамі ворагі пакідалі жывымі ў студню яе маці і двух братоў. Калі іх схапілі, яе малодшая сястра Ганначка моцна ўхапілася за матулін падол. Паліцай адарваў яе і адкінуў, нібы якое шчаня. Выжыла малая, але, на жаль, маладой памерла ад сухотаў… З Соф’яй таксама хацелі расправіцца, далі загад паліцаю завесці яе ў хлеў і застрэліць. Той завёў дзяўчыну, але пашкадаваў, выстраліў у паветра са словамі: «Мая жонка такая ж прыгожая, як і ты». Ноч Соф’я прасядзела ў тым хлеўчуку, пасля ёй удалося ўцячы ў лес, да партызан — больш не было куды дзецца.
Свёкар расказваў, як яны трапілі ў акружэнне. Ён вёз на возе свайго сына Колю, паганяючы каня, нават не адразу заўважыў, што той зваліўся. Хлопчыку куля ў вока трапіла, забіла яго… А дачушка Ніна выжыла. Соф’я сядзела з ёю ў зямлянцы, даглядала, як умела, хаця сама яшчэ дзіцем горкім была.
Пасля вайны ў Соф’і і Уладзіслава нарадзіўся сын — мой муж. У памяць пра загінулага сына яго таксама назвалі Мікалаем. Цяпер толькі я ды Ніна, якая жыве ў Мінску, захоўваем гэту трагічную сямейную гісторыю.
Пасля вайны Уладзіслава Кустэнку, які лічыўся адукаваным, бо меў чатыры класы адукацыі, прызначылі дырэктарам падсобнай гаспадаркі «Сенькаўшчына». Наймалі там кватэру такую маленькую, што адзін з начальнікаў, які прыехаў з праверкай, стукнуўся галавой у бэльку. «Як можна жыць у гэтай сабачай будцы?» — сказаў ён і пасадзейнічаў, каб Уладзіслава Свірыдавіча перавялі ў Лебедзева дзясятнікам па лесанарыхтоўцы, ён размяркоўваў дзялянкі. Соф’я Дзмітрыеўна працавала даяркай спачатку ў Лешне, затым асемянатарам у Лебедзеве. Тут ім стала крыху лягчэй. Пачалі будаваць сваю хату, на конях вазілі з лесу бярвенні… Людзі дзівіліся, як яны ўдваіх валуны варочалі, падмурак ставілі. Вельмі моцныя фізічна былі, баявыя, з характарам, сябе ў крыўду не давалі. У сталым узросце Уладзіслаў Свірыдавіч ночы напралёт плёў кошыкі, вязаў венікі, танна іх прадаваў мясцовым жанчынам. Калі паміраў, даў наказ сыну з нявесткай, у якіх не было сваіх дзяцей: «Вазьміце з дзіцячага дома і выгадуйце, каб было ў старасці каму вады падаць!». Сам ён, да слова, усынавіў свайго пляменніка Валодзю, сына сястры, які цяпер жыве ў Мінску. Юлія і Мікалай так і зрабілі: усынавілі спачатку Сашу і Аню, а праз некаторы час і іх малодшага браціка Колю, які знайшоўся не адразу, бо быў у іншым дзіцячым доме.
1954 год: Уладзіслаў і Соф’я Кустэнкі, іх дзеці Ніна і Коля ля нядаўна пабудаванага дома.
— Дзеці выраслі, сталі самастойнымі. Саша жыве са мной, Аня і Коля – у горадзе, — расказвае Юлія Рыгораўна. — У Ані ўжо свая сям’я, дзесяцігадовы сынок Дзіма. Калі падрасце, раскажу яму пра прадзеда, які быў партызанам, вызваляў нашу зямлю. Лічу, гэта вельмі важна: каб наступныя пакаленні ведалі гісторыю сваёй сям’і…
Фота: архіў Юліі КУСТЭНКА.