Новости Молодечно и Молодечненского района

Матуля верыла: сын яе жывы

  • 2020-03-24 13:03:53
  • Анжаліка Крупянькова

Жыхарка вёскі Селівонаўка Марыя Салагуб пражыла амаль сто гадоў. Усё сваё доўгае жыццё яна спадзявалася, што атрымае вестачку ад сына Рыгора, шостага з яе семярых дзяцей. Нікому не дазваляла ставіць у царкве свечку за спачын яго душы. Мацярынскае сэрца адчувала: ён жывы. Можа, таму і білася так доўга, усё чакала. Не дачакалася…

— Уяўляеце, дзякуючы інтэрнэту мы знайшлі свайго роднага дзядзьку! – прыйшоў у рэдакцыю з добрымі весткамі маладзечанец Рыгор Капуцкі.

Прынёс здымкі, раздрукоўку прысвечанай яму кнігі на польскай мове. І расказаў цікавую гісторыю.

— Мой дзядзька Рыгор Салагуб – родны брат маёй маці Соф’і Салагуб. Мама нарадзілася ў 1905 годзе, Рыгор – у 1918-м. Іх у бацькоў было сямёра – чацвёра сыноў і тры дачкі. Сям’я моцная, шмат зямлі мела, з яе і жылі. Рыгор вучыўся ў Маладзечанскай польскай гімназіі імя Тамаша Зана, хадзіў з Селівонаўкі ў горад за чатыры кіламетры. Мама расказвала, што ён быў высокі, прыгожы, таварыскі. Захапляўся мадэлізмам: на гарышчы я знайшоў зробленыя ім з фанеры мадэлі самалётаў. Успамінала таксама, што бацьку не раз вызывалі ў гімназію, бо Рыгор там «бунтаваў». Відаць, характар меў моцны, інакш бы не адправіўся, як мама гаварыла, «далёка вучыцца на лётчыка». Далёка – гэта ў Польшчу. У жніўні 1939 года ён апошні раз прыехаў дадому, сказаў, што яго пераводзяць у іншае месца. І ўсё, з таго часу блізкія больш яго не бачылі, нічога пра яго не чулі, думалі, што прапаў без вестак.

Истории, посвященные 75-летию Великой Победы читайте в специальной РУБРИКЕ

Прайшло шмат дзесяцігоддзяў. У вя-лікай дружнай сям’і Салагубаў выраслі новыя пакаленні, якія па крупінках пачалі збіраць гісторыю свайго роду. На дапамогу ім прыйшоў усёмагутны інтэрнэт.

Выхадца з гэтага роду – вядомая беларуская паэтэса, су-працоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Людка Сільнова. Яна жыве ў Мінску, але родам з Маладзечна, часта прыязджае да матулі. Неаднойчы Людміла Данілаўна ўдзельнічала ў творчых сустрэчах, што праходзілі ў бібліятэцы, была госцем Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

— Усе мае спробы адшукаць Рыгора Салагуба, які для мяне дзядуля Грыша, заканчваліся няўдачай, — расказвае Людміла Данілаўна. — Пакуль аднойчы я не набрала ў пошукавай сістэме яго імя і прозвішча па-польску. І чаму раней не здагадалася? Гэта ж лагічна: ён вучыўся ў польскай гімназіі ў Маладзечне, затым у лётнай школе ў Польшчы. Як толькі напісала Grzegorz Sologub, здарыўся сапраўдны цуд: інтэрнэт выдаў не толькі інфармацыю пра майго дзеда, але і шматлікія яго здымкі. А ў дадатак – кнігу паляка Пятра Сікоры, якая так і называецца «Рыгор Салагуб. Шэсць дзён польскага аса». У ёй змешчана каля паўсотні здымкаў, у пераважнай большасці ваеннага часу. Для нашай вялікай сям’і гэта стала сапраўднай падзеяй. І хаця кніга на польскай мове, мы змаглі яе прачытаць у электронным варыянце. Даведаліся, што наш сваяк пасля заканчэння лётнай школы ў Дэмбліне (горад у Польшчы) стаў лётчыкам-знішчальнікам, ваяваў супраць фашысцкіх захопнікаў у скла-дзе Каралеўскага ваенна-паветранага флоту Вялікабрытаніі ў 306-й знішчальнай эскадрыллі. Ён лятаў на знішчальніку Spitfires, быў сапраўдным героем Другой сусветнай вайны. На яго рахунку было шмат баявых вылетаў, ён знішчыў пяць варожых самалётаў. За мужнасць быў адзначаны высокімі ўзнагародамі, атрымаў званне капітана, яго называлі лётчыкам-асам.

З кнігі мы даведаліся, што пасля вайны ён некаторы час працаваў лётным інструктарам, застаўся ў Вялікабрытаніі. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай і жыў на ферме графства Глостэршыр, меў унукаў, якім, як расказваецца ў кнізе, дазваляў гуляць са сваімі вайсковымі ўзнагародамі. Да слёз чулліва было чытаць, што ў старасці ён любіў пакорпацца ў градах (не быў бы то беларус!), сумаваў, ціха спяваў на незразумелай мове (думаю, што на беларускай і польскай). І ў канцы жыцця… спаліў свой лётны мундзір.
Памёр ён 26 лістапада 1986 года.

Маці Рыгора Марыя пражыла амаль сто гадоў і ўсё чакала сына.
Такім быў Рыгор Салагуб у час службы ў Каралеўскім ваенна-
паветраным флоце Вялікабрытаніі.

Чаму Рыгор Салагуб не па-слаў ніякай вестачкі сваякам, сёння застаецца толькі здагадвацца. Магчыма, баяўся, што з-за таго, што застаўся за мяжой, у іх могуць быць вялікія непрыемнасці. Людміла Сільнова перачытала шмат літаратуры на гэту тэму. З кнігі Наталлі Гар-дзіенка «Беларусы ў Вяліка-брытаніі» даведалася, што пасля вайны там засталося нямала беларускіх і польскіх лётчыкаў. Перад Другой сусветнай вайной выпускнікі лётнай школы прынеслі ваенную прысягу на вернасць каралю Георгу VI. Некаторыя, хто быў не згодны з гэтым, не з першага разу. Сярод іх быў і Рыгор Салагуб.

— Шкада, што цяпер не выходзіць на АНТ праграма «Жди меня», — гаворыць Рыгор Капуцкі. – Мы паслалі б запыт, магчыма, адшукалі б у Вяліка-брытаніі сваякоў. Калі правільна зразумелі з кнігі, у майго дзядзькі былі два сыны (аднаго з іх звалі Эрыкам) і дачка.

Вось такая незвычайная гісторыя пра нашага земляка. Пасля яе так і хочацца паўтарыць словы незабыўнага Ігара Квашы, былога вядучага праграмы «Жди меня»: «Ищите друг друга, что бы ни было! И ждите, несмотря ни на что».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Фота: інтэрнэт-рэсурсы.