— Я пражыў сто гадоў. Адчуваю сябе добра, Дзень Перамогі адзначу! І вам, мае дарагія, жадаю жыць доўга, быць сумленнымі, справядлівымі, прыслухоўвацца да парад старэйшых, бо гэта вельмі важна для кожнага чалавека, — гаварыў у час віншавання ветэран вайны, якога ведаюць і паважаюць у нашым раёне як мужнага воіна, які вызваляў наш горад, як таленавітага педагога, які шмат дзесяцігоддзяў узначальваў Заскавіцкую базавую школу.
Родам Аляксей Іванавіч з Разаншчыны, з вялікай сялянскай сям’і, у якой гадавалася пяцёра дзяцей. З маленства ён быў здольным да вучобы, яшчэ да вайны закончыў педвучылішча. Да вайны яго прызвалі ў Чырвоную армію.
Аляксей Маскацінін.
«Я уходил тогда в поход, в суровые края. Рукой взмахнула у ворот моя любимая…». Трэба чуць, як душэўна спявае сваю любімую ваенную песню ветэран Вялікай Айчыннай… У свае 20 гадоў Аляксею Іванавічу давялося абараняць радзіму ад фашысцкай навалы. Капітан Маскацінін быў камандзірам зенітнай батарэі. Зведаў горыч адступлення, удзельнічаў у бітве за Маскву. Мажайск, Вязьма, Смаленск, Орша, Мінск – такім шляхам прайшоў ветэран. 5 ліпеня 1944 года ў складзе войск ІІІ Беларускага фронту яму давялося вызваляць Маладзечна. Аляксей Іванавіч успамінае, што баі за наш горад былі вельмі цяжкімі. Пасля таго як ён быў узяты, зенітчыкаў пакінулі абараняць ад налётаў фашысцкай авіяцыі чыгуначны вузел, які меў стратэгічнае значэнне. У Маладзечне Аляксей Іванавіч заставаўся да канца вайны, тут сустрэў Перамогу, а затым прадоўжыў ваенную службу ў Мінску. Яму прысвоена званне маёра, ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны
ІІ ступені, медалямі «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй», «За вызваленне Беларусі», іншымі.
Пасля дэмабілізацыі Аляксей Іванавіч вырашыў вярнуцца ў Маладзечна, якое яму вельмі спадабалася, нягледзячы на ваенныя разбурэнні. Тут ён працаваў інспектарам раённага аддзела народнай адукацыі, дырэктарам Насілаўскай школы, а затым 36 гадоў – дырэктарам Заскавіцкай базавай школы. Увесь свой педагагічны талент ён аддаваў любімай рабоце. Выдатна спраўляўся з абавязкамі дырэктара, выкладаў хімію, біялогію, геаграфію. Педвучылішча, два інстытуты – такі багаж ведаў у гэтага чалавека. За плённую працу ён узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік народнай адукацыі БССР», Ганаровымі граматамі.
«Якім дырэктарам быў Аляксей Іванавіч?» — неяк запыталася ў сённяшніх педагогаў школы, якім давялося працаваць з ім разам. «Добрым, тактоўным, вельмі інтэлігентным. І настаўнікі, і вучні яго паважалі, любілі, добрым словам успамінаюць і сёння», — расказалі калегі.
У нашым раёне былы франтавік знайшоў і сваё каханне: яго жонка Марыя Ігнацьеўна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры спачатку ў Насілаўскай, затым у Заскавіцкай школе. Яны пражылі разам 55 гадоў, выгадавалі дачку і сына, дачакаліся траіх унукаў, чацвярых праўнукаў. Дарэчы, свайго старэйшага сына ў гонар таты дачка Святлана назвала Аляксеем. Ён з’явіўся на свет 14 красавіка, стаў сапраўдным падарункам дзеду на дзень нараджэння. Яшчэ адзін унук Валерый закончыў Ваенную акадэмію, стаў кадравым ваенным.
У час адной з нядаўніх сустрэч не магла не спытацца ў ветэрана, як яму ўдаецца падтрымліваць сябе ў такой выдатнай форме. Цяжка паверыць, але нават у свае сто гадоў Аляксей Іванавіч кожную раніцу стараецца пакруціць педалі велатрэнажора. «Я добра сябе адчуваю дзякуючы клопатам дачкі!» — гаворыць з удзячнасцю ветэран. Святлана Епімашка – медык, шмат дзесяцігоддзяў працуе акушэркай у Заскавіцкай амбулаторыі. Яна пільна сочыць за здароўем таты, выконвае ўсе рэкамендацыі ўрачоў.
— Вельмі прыемна, што Радзіма мяне не забывае, прадугледжвае да свята матэрыяльную дапамогу, што прадстаўнікі мясцовай улады наведваюцца, віншуюць са святамі, — дзеліцца ветэран.
І гаворыць, што ўсёй душой любіць маладзечанскі край, які стаў для яго другой радзімай.
— Што б вы пажадалі жыхарам Маладзечаншчыны, якую вы вызвалялі? – спыталася ў былога франтавіка.
— Быць сумленнымі, прыстойнымі. Не ныць і не стагнаць. І нягледзячы ні на якія цяжкасці, не страчваць аптымізму!
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.