Новости Молодечно и Молодечненского района

Аляксандр Сушко: «Мой тата абараняў Маскву, трапіў у акружэнне, але ў палон не здаўся»

  • 2020-06-08 05:39:05
  • Анжаліка Крупянькова

Масква, 1947 год. Звольнены ў запас старшы сяржант Аляксандр Сушко дабіраўся з горада Кургана ў Беларусь, на родную Маладзечаншчыну. Ехаў праз сталіцу, чакаў на вакзале свой цягнік. Думаў, што абазнаўся, не мог паверыць сваім вачам: родная сястра Таццяна, з якой не бачы-
ліся з 1940 года, на гэтым жа вакзале, з сынам і дачкой. Яна вярталася на радзіму са ссылкі з Казахстана. Іх неспадзяваная сустрэча – нібыта кадр з ваеннага кінафільма…

І такіх кадраў у жыцці нашага земляка было нямала. У роднай вёсцы Жарлакі Хажоўскага сельсавета ён пражыў 81 год, у 1989-м

пайшоў з жыцця. Сын, названы ў яго гонар Аляксандрам, падзяліўся з «Маладзечанскай газетай» успамінамі пра бацьку, паказаў старыя фотаздымкі.

Быў камсамольцам, таму і не здаўся ў палон

Аляксандра Сушко прызвалі ў армію яшчэ да вайны. Як пазначана ў ваенным білеце, воінскую прысягу ён прымаў, калі Вялікая Айчынная пачалася ўжо — 6 ліпеня 1941 года. Служыў пад Масквой у 157-м стралковым палку, які прымаў удзел у абароне сталіцы.

— Тата не любіў успамінаць пра вайну, — гаворыць сын. – Не раз казаў з горыччу: «Мы абаранялі Маскву без патронаў!». Іх катастрафічна не хапала. Два месяцы полк вёў баявыя дзеянні, затым трапіў у акружэнне. Некаторыя байцы здаліся ў палон. Тата ў 1940 годзе ўступіў у камсамол. Ён разумеў, што фашысты з камсамольцамі і камуністамі распраўляюцца найперш. Таму і не здаўся. Разам з Пятром Малашкам з Маладзечна выходзіў з акружэння. Магчыма, смеласці надало тое, што ў часы Заходняй Польшчы быў падпольшчыкам, выконваў заданні, рызыкуючы трапіць у турму. Ім пашчасціла выжыць, выйсці да сваіх. Але паставіліся да іх з недаверам: «заходнікаў» адпраўлялі не на фронт, а на Іранскую мяжу ці ў Сібір. Тату накіравалі на Урал, у горад Курган, дзе ён адвучыўся ў аўташколе, быў, як запісана ў ваенным білеце, спецыялістам колавых машын, камандзірам аддзялення. Служыў там ажно да 1947 года.

Аляксандр Якаўлевіч Сушко ўзнагароджаны медалём «За абарону Масквы», у 1985 годзе атрымаў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.

Сустрэча з сястрой у Маскве

Родная сястра Аляксандра Таццяна была замужам за Міхаілам Астроўскім, які служыў у пажарнай ахове Лебедзева. У іх сына Ігната Астроўскага нават захаваўся ўнікальны здымак асабовага складу пажарнай варты Лебедзева, датаваны 1938 годам. Няпросты лёс напаткаў лебедзеўскіх пажарных. Многіх з іх рэпрэсіравалі, у тым ліку і Міхаіла Астроўскага, якога арыштавалі ў 1939-м. З 1940 года радня нічога не ведала пра яго, а жонку Таццяну з трохгадовым сынам і дачкой, якой было ўсяго чатыры месяцы, выслалі ў Паўночна-Заходні Казахстан як сям’ю рэпрэсіраванага. Разам з імі была яе 70-гадовая свякроў. Толькі ў 1947 годзе Таццяне з дзецьмі ўдалося вярнуцца ў Лебедзева. Ехала праз Маскву, дзе на вакзале сустрэлася з братам. Пра гэту неспадзяваную сустрэчу яны неаднойчы расказвалі дзецям, унукам. Былі тады яшчэ маладымі, але колькі пакут перажылі…
Таццяна страціла мужа, у чужым краі гадавала дзетак. Аляксандр не раз развітваўся з жыццём у цяжкіх баях за абарону сталіцы. Ды і ў тыле, на суровым Урале, дзе працоўны фронт каваў Перамогу, было няпроста. Але спадзяванні, што нарэшце ўбачаць сваякоў, якія вяртаюцца на радзіму, давалі сілу і веру, што жыццё наладзіцца.

Быў вадзіцелем Маркава

Арміі Аляксандр Сушко абавязаны прафесіяй вадзіцеля, якой заставаўся верным усё жыццё. Працаваў у ДТСААФ, затым некаторы час быў уласным вадзі-
целем Героя Савецкага Саюза Фёдара Маркава, вядомага дзяржаўнага дзеяча, аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Вілейскай вобласці. Пасля вайны Фёдар Рыгоравіч працаваў намеснікам старшыні Маладзечанскага аблвыканкама. Яго іменем названа адна з вуліц нашага горада.

Любоў да тэхнікі перадаў сыну

Шмат гадоў Аляксандр Сушко працаваў старшым вадзіцелем у пажарнай часці нашага горада, 17 гадоў узначальваў прафсаюзную арганізацыю. Сын успамінае, што любімай бацькавай машынай быў стары МАЗ-206.

— Тату нават папракалі, што ён занадта добра даглядае машыну, якую ўжо трэба спісваць, — гаворыць субяседнік. — Але ў яго быў важкі аргумент: МАЗ мог перавезці да дзесяці тон вады, а ЗІЛ – толькі чатыры… А на пажары галоўнае – вада. У час татавых дзяжурстваў, дарэчы, тройчы гарэлі пабудовы ў нашых Жарлаках. Ён успамінаў, як ехаў на выклік ноччу і ўбачыў з горкі, што дом у сярэдзіне вёскі гарыць. Падалося, што наш, а там жа жонка, дзеці. Расказваў, што вельмі перанерваваўся: на газ цісне, а нага не слухаецца. Але аказалася, што гарэў хлеў у нашых суседзяў… Вельмі добра ён адзываўся пра сваіх калег — начальнікаў каравулаў, вадзіцеляў. Заўсёды з удзячнасцю прыгадваў дырэктара Маладзечанскай райсельгастэхнікі Мікалая Смалянку, які ніколі не адмаўляў у рамонце пажарных машын. А яшчэ тата любіў матацыклы — чатыры з’ездзіў. На самым першым сваім мотаролеры «Вятка» ён вучыў мяне: пасадзіць за руль, падштурхне і глядзіць, як я еду…

Сваю любоў да тэхнікі бацька перадаў сыну. Аляксандр закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. Каля 30 гадоў адпрацаваў ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, адказваў за ахову працы, пажарную бяспеку.

А любоў да чытання ў яго — ад маці Ніны Пятроўны, якая працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Жарлакоўскай васьмігодцы. Яна родам з Вывераў. Таксама была падпольшчыцай. Пра тое, як яна, зусім маладая дзяўчына, па заданні падполля ездзіла ажно ў Вільню, расказваў на старонках «Святла камунізму» былы дырэктар Выверскай школы Макар Бярнацкі. Ніна Пятроўна, да слова, была ў першым выпуску Маладзечанскага педагагічнага вучылішча, пасля завочна закончыла педінстытут імя Максіма Горкага.

— А вось тата меў толькі восем класаў адукацыі, прычым першыя чатыры – польскай школы. На сваё 80-годдзе ён прачытаў каля дзясятка вершаў па-польску, памяць у яго была выдатная, — з любоўю расказвае сын. – Усё жыццё выпісваў газету «Известия», а таксама мясцовую «Святло камунізму». Ведаў палітычную сітуацыю ў свеце, іншы раз мне цэлую лекцыю мог прачытаць…

Аляксандр і Ніна Сушко ўсё жыццё пражылі ў Жарлаках. На жаль, іх даўно няма на гэтым свеце, аднак іх дзеці Ала і Аляксандр, трое ўнукаў цэняць усё, што яны зрабілі для сваёй сям’і і роднай Беларусі.

— Памятаю, як у нашым Жарлакоўскім клубе на самым бачным месцы былі змешчаны партрэты ўдзельнікаў вайны, — успамінае Аляксандр Аляксандравіч. — І сярод іх – здымак майго таты. З малых гадоў заходзіў у клуб і разумеў, што ён — герой. Такім для мяне застаўся назаўсёды…


Фота: АЎТАР, архіў Аляксандра СУШКО.