Радзівону – восем год, Гардзею – шэсць, Герману – пяць. Меншы ростам трошкі вышэй за тумбу для галасавання, стараецца прыўзняцца і разгледзіць, што там, унутры.
-- Ведаеце, што там? – пытаюся ў хлопчыкаў.
-- Пісьмы! – адказваюць яны. – Людзі прыходзяць на выбары, галасуюць, пішуць пісьмы і кідаюць іх…
-- А ў колькі год можна галасаваць, як вы думаеце?
-- Можа, у шаснаццаць? – мяркуе старэйшы з братоў.
-- Ды не, прыбаў яшчэ два гады.
-- У васямнаццаць! – радасна падсумоўвае Радзівон.
Хутка праляцяць дзесяць год, і ён, як сёння яго мама і тата, атрымае бюлетэнь для галасавання. А пакуль хлопчыкі дружнай кампаніяй разам з бацькамі прыйшлі на Лебедзеўскі ўчастак для галасавання №40, які размешчаны ў мясцовым Доме культуры.
Гэтай восенню сям’я Мячкоўскіх з аграгарадка Лебедзева перамагла ў абласным этапе рэспубліканскага праекта “Уладар сяла”, прадставіла Міншчыну на рэспубліканскім этапе. Мы неаднойчы расказвалі пра яе на старонках газеты. Вольга працуе эканамістам у ААТ “Белгазпрамбанк”, Пётр – урач-анастэзіёлаг абласнога клінічнага радзільнага дома.
Перш чым прагаласаваць, яны ўважліва азнаёміліся з перадвыбарнымі праграмамі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, вызначыліся з выбарам.
-- З якімі думкамі, спадзяваннямі вы галасуеце? – спытала ў Мячкоўскіх-старэйшых.
-- Калі аддаеш свой голас за таго ці іншага кандыдата, разумееш, што разам з іншымі выбаршчыкамі ствараеш гісторыю сваёй краіны, -- гаворыць Вольга. -- Для мяне працэс галасавання праходзіць з жаданнем змяніць свет да лепшага.
Менавіта на Лебедзеўскім участку №40 рэдакцыя “Маладзечанскай газеты” правяла акцыю “Галасуем усёй сям’ёй”, падарыла Мячкоўскім кубак, каляндар з лагатыпамі газеты.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.