Як аказалася, Марына Уладзіміраўна працуе тут настаўнікам-дэфектолагам і з’яўляецца ўдзельніцай вакальнага ансамбля народнага хору «Світанак». У гімназіі №7 творчы калектыў плённа працуе пад кіраўніцтвам Вольгі Бялько. Самадзейныя артысты выканалі прыгожыя музычныя творы пад акампанемент баяніста Юрыя Каламійца, які таксама падпяваў. І ім гучна апладзіравалі выбаршчыкі. Ды, зрэшты, і ўсе прысутныя.
-- Наш участак размешчаны ў будынку цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна. Разам з Марынай мы прагаласавалі датэрмінова. Сёння з сынам прыйшлі ў якасці гледачоў, каб падтрымаць яе, -- заўважае Барыс Сак.
-- А заадно паапладзіраваць і майму класнаму кіраўніку Вікторыі Тамукевіч, якая таксама спявае, -- жыва далучаецца да размовы сын Андрэй.
Барыс (працуе слесарам КІП у лакаматыўным дэпо) і Марына шчыра гавораць, што дзень выбараў яшчэ з савецкіх часоў лічаць сапраўдным святам. Гэта сям’я стала ўдзельніцай акцыі «Маладзечанскай газеты» пад назвай «Усёй сям’ёй на выбары», і мы ўручылі ёй кубак і каляндар на наступны год з лагатыпамі нашага выдання.
На Грамадоўскім участку пазнаёміліся і з Уладзіславам Караніхам, які ўпершыню прымаў удзел у выбарах. Ён будучы мехатронік, вучыцца на трэцім курсе ў філіяле «Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж» УА «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі». На наша пытанне да выбаршчыкаў -- чаго найперш чакаеце ад выбараў -- яны пераканаўча адказвалі: упэўненасці ў заўтрашнім дні.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.