-- Наш участак знаходзіцца ва Усходнім мікрараёне, які быў узведзены ў Маладзечне да Рэспубліканскага фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011». Тут многа маладых сем’яў. Участак вялікі, у спісы ўнесена больш за дзве з паловай тысячы выбаршчыкаў, -- расказвае старшыня ўчастковай камісіі Алена Кісель.
Для невідушчых на ўчастку падрыхтаваны дапаможныя сродкі. З дапамогай спецыяльных трафарэтаў пры жаданні яны арыентуюцца самастойна. Грамадзяне з паслабленым зрокам карыстаюцца лупай. Акрамя таго, у асноўны дзень галасавання выбаршчык мае права прагаласаваць на даму.
У датэрміновым галасаванні прыняла ўдзел сям’я Саўчанка. Таццяна і Мікалай працуюць на прадпрыемстве «Энва» ГА «БелТіЗ».
Таццяна з’яўляецца старшынёй пярвічнай вытворчай арганізацыі.
-- Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі вельмі важная сацыяльная інтэграцыя, адчуванне сябе на роўных з іншымі. Важна прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць чалавеку з захворваннямі зроку, слыху ці іншымі фізічнымі асаблівасцямі. Трафарэты са шрыфтам Брайля раней многія ўспрымалі як навіну, цяпер такі падыход увайшоў у практыку. Невідушчы чалавек можа не ўсё, але вельмі многае, калі яму стварыць умовы, -- гаворыцьТаццяна Аляксандраўна.
Мікалай Мікалаевіч удзел у выбарах лічыць сваім грамадзянскім абавязкам. Ён актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, мае першы разрад па лёгкай атлетыцы, удзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах па шоўдаўне -- тэнісе для невідушчых.
Тэкст і фота Людміла ЦАР.