Паўтары сотні сячкарняў у адным месцы

  • 2024-04-15 07:46:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Убачыць такую калекцыю можна на падвор’і Уладзіміра МАРОЗА ў вёсцы Талуі.

Па словах гаспадара, у яго своеасаблівым музеі сёння налічваецца 147 экспанатаў. Выраблены яны ў розны час у розных краінах (Расіі, Польшчы, ЗША, Германіі, Італіі і інш.). Вялікая колькасць прыстасаванняў для здрабнення сена, саломы і травы была прывезена ў наш рэгіён у час Першай сусветнай вайны. Самаму старому экспанату больш за 200 гадоў.

Ёсць у калекцыі Уладзіміра Мароза шматлікія прадметы сялянскага побыту мінулага і пазамінулага стагоддзяў. Сярод іх саха, начоўкі розных памераў, драпач (культыватар). Усё гэта могуць убачыць госці гаспадара.

– Насупраць майго падвор’я б’юць з зямлі дзве крыніцы, – расказаў субяседнік. – Я абсталяваў ля іх купель, устанавіў праваслаўны і каталіцкі крыжы. Гэта сімвал таго, што ўсіх нас аб’ядноўвае агульная гісторыя.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ