Для сябе і будучых пакаленняў

  • 2024-04-15 07:37:00

У рамках рэспубліканскай акцыі «Адновім лясы разам!» Лебедзеўскае лясніцтва арганізавала пасадку дрэў сумесна з Гарадзілаўскай сярэдняй школай. Удзельнічалі ў ёй навучэнцы 8-11 класаў.

– Гэта наша добрая традыцыя. Школьнікі заўсёды актыўна прымаюць удзел у акцыі. Дарэчы, хацелі далучыцца да добрай справы і малодшыя навучэнцы. Таму, можна сказаць, у нас адбор праходзіць! – усміхаючыся, дзеліцца з «МГ» намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гарадзілаўскай СШ Анастасія Кулёнак, неабыякавы чалавек і ідэйная натхняльніца не толькі гэтага праекта ў школе.

Калі ўбачыла, як спрытна хлопцы арудуюць мячом Колесава, пацікавілася, дзе яны атрымалі такія навыкі.
– Тут нічога складанага няма! Крыху трэніровак – і ўсё атрымаецца! У нас такія працоўныя акцыі праходзяць штогод: у межах Тыдня лесу і Дня Зямлі. Раней азелянялі лес і тэрыторыю вакол школы, прыбіралі парк у Беразінскім, – расказаў Леанід Валошын, навучэнец 11 класа.

Хутка на сваіх месцах апынуліся саджанцы елак, сасны, бярозы.

– Праз пару гадоў тут будуць шумець маладыя дрэвы! – з радасцю ўключаецца ў размову навучэнка 8 класа Ульяна Петрусевіч. – Яны абагацяць паветра кіслародам, упрыгожаць беларускі пейзаж. І натхняцца імі змогуць ужо нашы дзеці.

Як добра, што моладзь разумее гэта!

Людміла НЕХВЯДОВІЧ