Усе сцяжынкі вядуць у Трапалава

  • 2024-04-16 07:22:53
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Вёска, куды мы адправіліся ў падарожжа, утульна размясцілася паміж высокіх узгоркаў на беразе невялікай, але стромкай рэчкі Гадзеі. Мясцовыя ландшафты ўражваюць сваёй прыгажосцю. Аднак галоўнае багацце Трапалава – людзі. Прыгожыя ў любым узросце, сціплыя, памяркоўныя. Менавіта яны ствараюць тую душэўную аўру, якая яшчэ доўга ахінае вас пасля вяртання дадому.

Людзі жывуць дружна, дапамагаюць адзін аднаму

Экскурсаводам для нас стала стараста вёскі Любоў Луновіч. Яна паважаны тут чалавек. Нарадзілася Любоў Віктараўна ў вёсцы Доўгі Лог. У свой час працавала на радыёзаводзе «Спадарожнік», была сацыяльным работнікам, брыгадзірам паляводчай брыгады, прадаўцом, загадчыкам клуба ў Клочкаве, некалькі гадоў аддала жывёлагадоўлі. Багатая працоўная біяграфія паспрыяла глыбокаму разуменню сельскага жыцця. Яна ведае некалькі пакаленняў мясцовых жыхароў.

– Хутчэй за ўсё назва вёскі паходзіць ад шматлікіх сцяжынак, якія пакрывалі наваколле, – расказвае субяседніца. – Раней месцы ў нас былі лясістыя. Рэчка Гадзея паўнаводная. У апошнія гады вадацёк мялее. Людзі клапоцяцца аб рэчцы, чысцяць яе, убіраюць смецце. Усім хочацца захаваць прыгажосць. Самі бачыце, мясціны тут вельмі жывапісныя.

Любоў Луновіч паведаміла, што жыве ў Трапалаве больш за 80 чалавек. Сярод іх ёсць пенсіянеры, людзі працаздольнага ўзросту, моладзь. Апошняя катэгорыя ў асноўным жыве на вуліцы Маладзёжнай. Дачнікаў чалавек дваццаць. Яны прыязджаюць і жывуць у цёплы перыяд года. Таму летам у населеным пункце намнога весялей.



– Стацыянарнага магазіна ў нас няма, – працягвае субяседніца. – Аднак без гандлёвага абслугоўвання людзі не застаюцца. Двойчы на тыдзень, па серадах і суботах, прыязджае аўтакрама з Маладзечна. Акрамя таго, два разы на тыдзень гандлюе аўтакрама з Валожынскага раёна і раз прыязджае машына Вілейскай гандлёвай арганізацыі. Можна набыць прадукты і некаторыя тавары.

Любоў Віктараўна адзначыла, што жыхары Трапалава працуюць у розных галінах эканомікі. Некаторыя працаўладкаваліся ў мясцовую гаспадарку, сацыяльную сферу і гэтак далей. Вяскоўцы жывуць дружна. Калі трэба, дапамагаюць адзін аднаму, агульныя пытанні вырашаюць разам.

– Мне, як старасце, падтрымка землякоў вельмі дапамагае, – падкрэсліла субяседніца. – Пытанні вырашаюцца з дапамогай сельвыканкама, іншых арганізацый. Сярод асноўных пытанняў – добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, стан вуліц, пажарная бяспека.

У ТЭМУ. Як сказана ў кнізе «Памяць», у ХІХ стагоддзі Трапалава было цэнтрам аднайменнага маёнтка ў Беніцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. Вёска належала Рдултоўскаму і Яновічу. Жыло тут 26 чалавек. У 1873 годзе былі 10 двароў, 73 жыхары, хлебазапасны магазін. У пачатку ХХ стагоддзя насельніцтва вёскі складала 88 чалавек. Непадалёк размяшчаўся маёнтак, уласнасць Асіповіча. Побач з населеным пунктам былі два фальваркі і сядзіба Акулічаў.

Вясковы калейдаскоп

Разам з Любоўю Луновіч мы прайшліся па вёсцы, пагаварылі з людзьмі, пацікавіліся іх думкамі і меркаваннямі. Як аказалася, некаторыя сем’і пераехалі ў Трапалава з іншых раёнаў. Для іх вёска стала другой малой радзімай.
Гэта тычыцца, напрыклад, мнагадзетнай сям’і Міхаіла і Алены Чайкоўскіх. Жывуць яны на Маладзёжным завулку. Сям’я купіла прасторны дом (у ім раней была кантора, потым – дзіцячы сад), завяла вялікую гаспадарку. Адным словам, трывала пусціла ў Трапалаве свае карані.

Прыемна было ўбачыць мясцовага жыхара даўняга прыхільніка нашай газеты Мікалая Ката. Гэта чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. У сваім доме ён стварае невялікі музей. Прысвечана экспазіцыя землякам, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

– Людзі ў нашай вёсцы добрыя, душэўныя, працавітыя. Яны не дзеляць адзін аднаго па веравызнанні або іншых крытэрыях. Так і павінна быць на нашай зямлі, – зазначыў Мікалай Кот.

З механізатарам мясцовай гаспадаркі Канстанцінам Віткоўскім пазнаёміліся на тэрыторыі жывёлагадоўчай фермы. Знаходзіцца аб’ект жывёлагадоўлі недалёка ад вёскі. Працуюць на ім, у тым ліку, і трапалаўцы.

– Працую ў сельскай гаспадарцы больш за 40 гадоў, – гаворыць субяседнік. – Гэта, лічы, практычна ўсё дарослае жыццё. Калі чалавек любіць сваю справу, ён заўсёды знойдзе ў ёй прымяненне.

Яшчэ адзін новы знаёмы – Міхаіл Новік, вартаўнік на збожжаскладзе.

– Трапалава -- тыповая беларуская вёска, – заўважыў ён. – Як жыць, тут шмат што залежыць ад саміх людзей. Мая жонка Святлана, напрыклад, любіць кветкі, даглядае іх. Таму клумбы перад домам радуюць і нас, і прахожых.
Наведаў я і мясцовую славутасць – арандаваны вадаём, што знаходзіцца ў ваколіцах вёскі. Паспытаць рыбацкую ўдачу сюды прыязджаюць аматары юшкі нават са сталіцы. Адзін з іх – жыхар Мінска Васілій Скарынка.

– Водзяцца ў вадаёме карп, амур, карась, шчупак, сом, – гаворыць рыбалоў. – Прыязджаю ў Трапалава рэгулярна. Люблю таксама збіраць грыбы ў навакольных лясах. Месцы тут вельмі прыгожыя, а людзі добразычлівыя. Выдатны адпачынак ад гарадской мітусні. Лічу, што ў такіх вёсках захоўваецца сапраўдны народны беларускі характар.

З гэтым можна цалкам пагадзіцца. Так, менавіта ў сельскай мясцовасці ў найбольшай ступені падтрымліваюцца традыцыі і рысы характару народа, якімі ганарыцца наша краіна. Сярод іх сумленнасць, шчырасць, працавітасць, павага да іншых. Жадаеце пераканацца ў гэтым? Тады вам у Трапалава!

У ТЭМУ. Ваколіцы вёскі Трапалава згадваюцца ў адным з падручнікаў для ВНУ па геамарфалогіі (навуцы аб фарміраванні рэльефу мясцовасці). Адметная тэрыторыя тым, што сфарміраваў яе ледавік больш за 100 тысяч гадоў таму. Навакольныя высокія ўзгоркі з’яўляюцца рэшткамі былых ледніковых рэк і азёр. Можна лічыць, што мясцовыя жыхары пасяліліся на берагах былых магутных вадаёмаў і вадацёкаў.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ